Тысячы чалавек са сцягамі і паходнямі перакрылі цэнтральныя вуліцы сталіцы Украіны.
1 студзеня ў 18:00 у Кіеве (19:00 па Мінску) пачалося шэсце з паходнямі, прысвечанае 106-годдзю Сцяпана Бандэры. Спачатку ў парку Шаўчэнкі сабралася каля 2000 чалавек, потым, па самых прыблізных падліках, да іх далучыліся яшчэ пара тысяч актывістаў.
У асноўным гэта — «свабодаўцы» і ўдзельнікі «Правага сектара».
Але ў натоўпе бачныя і маленькія дзеці, і пенсіянеры. У руках у людзей — чырвона-чорныя сцягі і запаленыя паходні.
Наперадзе калоны едзе мікрааўтобус з гучнагаварыцелямі. Адтуль раздаюцца нацыяналістычныя лозунгі. «Правы сектар» нясе велізарны чорна-чырвоны банер з партрэтам Бандэры. Натоўп перакрыў цэнтр Кіева — спачатку бульвар Шаўчэнкі, потым Бесарабскую плошчу і Хрышчацік.
«Алігархаў на нажы, камуняку — на гіляку», — скандуюць мітынгоўцы і па дарозе прапануюць далучыцца да шэсця.
Традыцыйнае шэсце пройдзе па цэнтральных вуліцах Кіева. А скончыцца марш, хутчэй за ўсё, на Міхайлаўскай плошчы. Ахоўваюць праход каля 300 міліцыянтаў і байцоў Нацыянальнай гвардыі.