Афіцыйна пра гэта не абвяшчалася, але рэальныя крокі зробленыя. Так, запраўка па адрасе Брыкета, 23, што на выездзе на Гродна, сапраўды беларусізавалася. Аператар Аляксандр Пуха прыязна ўсміхаецца і гаворыць па-беларуску з усімі, нават з тымі, хто да яго звяртаецца па-руску.
На пытаньне, якім чынам рыхтавалі супрацоўнікаў, Аляксандр узгадвае курсы «Мова нанова» і кажа, што праводзіліся адмысловыя трэнінгі.
У той жа час на міні-запраўцы на Някрасава, 41 гавораць па-руску. На Казінца, 133 таксама.
А вось на запраўцы па адрасе Прыгарадная, 69 на слова «Дзякуй» чуем нясьмелае «Дзякуй і вам. Прыходзьце да нас яшчэ».
Акрамя гэтага, з 1 студзеня старонка групы кампаніяў А-100 у фэйсбуку таксама перайшла на беларускую мову.





