Арганізатарам мерапрыемства з'яўляецца Студэнцкае прадстаўніцтва ЕГУ ў супрацоўніцтве з Асацыяцыяй выпускнікоў і пры падтрымцы German Marshall Fund of the U.S. 

На канферэнцыю таксама запрошаны прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці пераважна з акадэмічнай і адукацыйнай сфер. 

Запланаванае выступленне кандыдатаў на пасаду рэктара: Дарыуса Удрыса, Аляксандра Мілінкевіча, Шарунаса Ліекіса і Таццяны Шчытцовай.

Нагадаем, 30 верасня пасаду рэктара пакінуў акадэмік Анатоль Міхайлаў, які заснаваў ЕГУ і кіраваў ім з моманту яго стварэння. Конкурс на пасаду рэктара арганізаваны Кіраўніцкім саветам ВНУ, які заснаваў камітэт па выбарах. Да 1 сакавіка 2015 года павінна быць прынятае канчатковае рашэнне. 

Прэзідэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Дзяніс Кучынскі зазначыў, што першыя ў гісторыі ЕГУ выбары рэктара –– цяжкі пераходны перыяд. «Гэта падзея і яе наступствы, –– сказаў прэзідэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ, –– могуць стаць лёсавызначальнымі для ўніверсітэта як адукацыйнага праекта з беларускай накіраванасцю, што ўжо шырока абмяркоўваецца як унутры ўніверсітэта, гэтак і ў медыйнай прасторы». 

Студэнцкая супольнасць, зазначыў Кучынскі, права голасу пры выбары рэктара не мае, але пачутай быць хоча, і канферэнцыя можа стаць шанцам для гэтага. Для студэнтаў, зазначыў Кучынскі, важна, каб ЕГУ захаваў беларускі вектар развіцця, для чаго «неабходна выбраць рэктарам прадстаўніка Беларусі». 

«Рэктарам можа быць толькі чалавек, у якога ёсць разуменне кантэксту. У студэнцкім асяроддзі ёсць апасенні ў дачыненні да стратэгіі развіцця ЕГУ. Можа, ён стане рэгіянальнай ВНУ, можа, амерыканскім каледжам. Мы б хацелі, каб ва ўніверсітэце выкарыстоўваліся пры захаванні балансу напрацоўкі як амерыканскай, гэтак і еўрапейскай сістэм адукацыі з апорай на беларускае грамадства», –– сказаў Кучынскі.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў адкрыты ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе ў статусе беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. У ВНУ вучыцца каля 1.500 студэнтаў, пераважна з Беларусі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?