Калісьці ў вёсцы Макарынцы Магілёўскай вобласці нават паказвалі кіно. Цяпер мясцовы кінатэатр закінуты, але часам і ціхае вясковае жыццё можа быць падобным да галівудскага трылера.

Калісьці ў вёсцы Макарынцы Магілёўскай вобласці нават паказвалі кіно. Цяпер мясцовы кінатэатр закінуты, але часам і ціхае вясковае жыццё можа быць падобным да галівудскага трылера.

У невялікай вёсцы Макарынцы пад Магілёвам 44-гадовы мужчына абрабаваў суседку, скраўшы 10-літровую бутэльку з віном ды чатыры кіло фаршу. Аднак, калі яго затрымала міліцыя, высветлілася, што мужчына да пэўнага ўзросту быў жанчынай, а пасля зрабіў аперацыю па змене полу. Ну, здавалася б, свет вялікі, і Беларусь не малая — усякае бывае.

Але ад гэтага выпадку ў рэдакцыі газеты «Вечерній Могілев», як той казаў, «няхіла бамбанула».

Карэспандэнты «Нашай Нівы» адправіліся ў Магілёўскую вобласць, каб самім пазнаёміцца з удзельнікамі гэтай гісторыі.

«Яно»

Сам артыкул быў надрукаваны яшчэ восенню, аднак усебеларускую вядомасць набыў толькі ў пачатку студзеня, калі галоўны рэдактар партала Onliner.by Дзяніс Блішч выклаў у Фэйсбуку спасылку на гэты «шэдэўр» з допісам: «найгоршы артыкул у гісторыі журналістыкі».

Грамадства, вядома, пачало цікавіцца, што ж там такое, і, трэба шчыра прызнаць, Блішч меў рацыю. Бо з крымінальнай нататкі ці паведамлення аб незвычайным выпадку, тэкст паступова ператвараецца ў пафасную бязглуздзіцу. Аўтары — Вікторыя Карпава і Васіль Стасаў — змешваюць абвінавачанага з брудам, не цураючыся моцных выразаў, і, канечне ж, вінавацяць ва ўсім распусную Еўропу. Стасаў і Карпава называюць чалавека «яно». Ну а што ж вы думалі, гэта на Захадзе «такім» шмат чаго дазволена. А ў нашай краіне, па выразу магілёўскіх журналістаў, «блакітнае лобі» знаходзіцца пад каўпаком з боку кіраўніцтва краіны». Маўляў, тут ужо не забалуеш! Увогуле, артыкул прасякнуты такім чалавеканенавісніцтвам, што пасля яго прачытання наўпрост хочацца неяк змыць з сябе ўвесь гэты бруд.

Як, дарэчы, і пасля гутаркі з рэдактаркай «Вечернего Могілёва».

«Не трэба мяне выхоўваць!»

 «Напісана ў нармальных выразах, мы пра ўсіх так пішам. Усе так пішуць, — паціскае плячыма рэдактарка газеты Надзея Леўчанка. — Педэраст і транссэксуал розныя паняцці? Да ну, прыкладна тое ж самае — для мяне няма розніцы».

Галоўны рэдактар «Вечернего Могилева» Надзея Леўчанка. Фота з сайта «Маяк Прыдняпроўя». Сама Леўчанка катэгарычна адмовілася фатаграфавацца. 

Галоўны рэдактар «Вечернего Могилева» Надзея Леўчанка. Фота з сайта «Маяк Прыдняпроўя». Сама Леўчанка катэгарычна адмовілася фатаграфавацца. 

Невысокая жанчына сярэдніх гадоў прымае нас у сваім кабінеце, сцены якога завешаны шматлікімі дыпломамі. За спінай рэдактаркі — дыван у выглядзе беларускага дзяржаўнага сцяга з прычэпленай да яго георгіеўскай стужачкай. На тле яго Леўчанка глядзіцца вельмі каларытна. На жаль, фатаграфавацца рэдактарка катэгарычна адмовілася.

«Гэта мой артыкул. А пазначаны іншыя людзі, таму што мы працавалі разам з карэспандэнтамі, — распавядае Леўчанка. — І ў ім галоўнае, што ў сям’і алкаголіка, злодзея і чалавека невядома якой арыентацыі выхоўваюцца тры непаўналетнія дзяўчыны».

На пытанне аб тым, што за апісаннем «еўрапейскіх жахаў» у артыкуле не відаць тых дзяцей (а «выкрыццё» транссэксуала можа адбіцца на іх лёсе), Леўчанка ізноў паціскае плячыма: «Чытайце правільна». 

«У нас нармальны, добры выйшаў артыкул. Інфармацыйны, — кажа яна. — Непавагі да асобы там аніякай няма. Абсалютна. У нас свабода слова. Што тычыцца падрабязнасцей — мы ж не сказалі, хто ён. Ну і што, што вёска пазначаная? Ён жа і сам усяго гэтага не адмаўляе. І чаму вы і іншая апазіцыйная прэса раптам усе забегалі? Гэты чалавек нармальна сябе адчувае, нармальна пра сябе расказвае, што ён такое і што з ім рабілі. Таму не трэба мяне выхоўваць».

У адказ на наступнае пытанне — ці гуманна называць жывога чалавека «яно» — рэдактарка спачатку адмаўляецца працягваць гутарку. А потым пытаецца: «Чаму вас гэта цікавіць? Вы што, прадстаўнікі меншасцяў?»

Па словах Леўчанкі, газета і яе супрацоўнікі імкнуцца развіваць нармальнае здаровае грамадства. А пужаюць у артыкуле сатаной, бо прытрымліваюцца праваслаўных традыцый і прасоўваюць праваслаўныя каштоўнасці.

«Да нас пастаянна прыходзяць водгукі на матэрыялы. І на гэты артыкул былі — усе з асуджэннем гей-прапаганды», — кажа рэдактарка.

Што такое гей-прапаганда і якое дачыненне яна мае да ўсёй гэтай гісторыі, Леўчанка тлумачыць не хоча.

«Што мне, вам устроіць лікбез? Спытайцеся ў іншым месцы».

«Як скажаце», — падумалі мы, і паехалі ў Макарынцы.

Сумным чынам вядомая знакамітасць

Мясцовая крама.

Мясцовая крама.

Макарынцы — невялікая вёска за 15 км на захад ад Магілёва. Жыве ў ёй каля трохсот чалавек. Вёска як вёска — не надта квітнее, але і паміраць не збіраецца. Моладзь, канечне, не затрымліваецца,тым больш што абласны цэнтр зусім побач, але астатнія не з’язджаюць.

Знайсці героя артыкулу аказалася зусім не складана. Што ж вы хочаце — вёска.

«Пра артыкул той я чула, — кажа першы ж запытаны чалавек — прадавачка мясцовай крамы Кацярына. — Нечакана, канечне. Здаецца, мужык як мужык, хіба толькі невялікага росту. А тут такое!»

Кацярына і накіроўвае нас да Дзмітрыя — так завуць цяпер ужо галоўную знакамітасць Макарынцаў. Невялікі двухпавярховы дом на два пад’езды. Спачатку мы блытаем кватэру і трапляем на суседа. «Сашка», — прадстаўляецца ён.

Прадавачка Кацярына адразу здагадваецца, пра каго ідзе гутарка, і дае неабходны адрас.

Прадавачка Кацярына адразу здагадваецца, пра каго ідзе гутарка, і дае неабходны адрас.

«Дзіма — ён такі ціхі, я не бачыў ніколі, каб ён мацярыўся, крычаў ці лаяўся, — распавядае Сашка. — П’е? А хто не п’е? Але ў бойкі не лезе. Баіцца хлопцаў — калі нехта гаркне, то за бабу сваю хаваецца. Але дрэннага сказаць нічога не магу».

Пра артыкул у «Вечернім Могілёве» наш суразмоўца нічога не ведае. «Я газет не чытаю», — прызнаецца ён.

Нарэшце знаходзім патрэбныя дзверы. Адчыняе сужыцелька Дзмітрыя, Марына, побач з ёй адразу з’яўляюцца дзве малодшыя дачкі. Жанчына сцвярджае, што Дзмітрыя няма — паехаў у Магілёў.

«Дзе ён і як звязацца — не ведаю, — кажа яна. — А з журналістамі размаўляць не буду».

Аднак, завязаць гутарку ўсё ж удаецца.

Сусед Дзмітрыя Сашка.

Сусед Дзмітрыя Сашка.

«Я той артыкул чытала. Гэта ўсё лухта. І бабулі ён не рабаваў. Яго напужаў следчы Бяляўскі, вось ён і падпісаў усё што трэба было, — даказвае жанчына. — А ў тую хату і дзве суседнія раней лазілі мясцовыя дзеці, узялі там дробязь: кніжку, пачак цыгарэт, цукеркі, гарэлку, нешта яшчэ. Іх знайшлі, яны прызналіся. І ў гэты раз, напэўна, яны былі, бо там такія фортачкі, што ні я, ні Дзмітры проста не пралезлі б. Да таго ж, у бабкі той скралі фарш, а мы ў той жа дзень набылі ў суседняй вёсцы таксама фаршу на восемдзесят тысяч. Дык туды міліцыя ездзіла, прадавачка гэта пацвердзіла. Але ўсё роўна, усё павесілі на Дзіму. Нічога не дакажаш».

Сашка не ведае гісторыі, надрукаванай у «Вечернем Могілеве», але ахвотна расказвае, як знайсці былую жонку Дзмітрыя.

Сашка не ведае гісторыі, надрукаванай у «Вечернем Могілеве», але ахвотна расказвае, як знайсці былую жонку Дзмітрыя.

Сама Марына працуе даяркай. Чуткі аб праблемах з алкаголем, канечне, абвяргае. Але пра тое, што ў яе забіралі дзяцей, з неахвотай кажа: «Было. Але сем гадоў таму!»

Марына расказвае, што раней Дзмітрый жыў у гэтым жа доме з былой жонкай. Тая цяпер жыве з новым мужам на другім канцы вёскі, у «чацвёртым пасёлку».

«Людзі як людзі»

Нас сустракае стары нефарбаваны драўляны дом з нечаканымі пластыкавымі еўравокнамі. Ля ганку — кананічны брахлівы сабака. Алена, былая жонка Дзмітрыя, запрашае нас увайсці. Яе цяперашні муж, Юры, чуе, аб чым мы хочам пагаварыць і сыходзіць у пакой, глядзець з малодшым дзіцём мультфільм.

Былая жонка Дзмітрыя Алена.

Былая жонка Дзмітрыя Алена.

«Мы пазнаёміліся з Дзмітрыем у 96-м годзе, ў Магілёве. Яшчэ праз год — распісаліся. Жылі сабе і жылі, як усе, — успамінае Алена. — Але хутка ад суседзяў пайшлі чуткі, што раней ён быў дзяўчынай. Шнары ў яго я бачыла, канечне, але ён казаў, што гэта ад аперацый, ад якіх не тлумачыў, а я і не ўдакладняла. Што мне там было, сямнаццаць гадоў. Потым, ён прызнаўся, што так, гэта ўсё праўда».

Але на адносіны Алены да мужа яго прызнанне ніяк не паўплывала.

Алена здолела знайсці два фатаздымкі — усё, што засталося ў яе на памяць ад жыцця з Дзмітрыем.

Алена здолела знайсці два фатаздымкі — усё, што засталося ў яе на памяць ад жыцця з Дзмітрыем.

«Жылі мы з ім нармальна. Амаль пятнаццаць гадоў разам. А тое, што быў жанчынай — ну што ж ты тут зробіш. Тым больш ён не адзін такі. Толькі ў Магілёве — пяць ці шэсць чалавек. Мы сустракаліся з Дзімавымі знаёмымі, якія таксама мянялі пол. Людзі як людзі. Я была знаёмая і з яго бацькам, і з двума братамі. Усе яны нармальна да яго ставіліся, нягледзячы на тую аперацыю».

Праз некалькі гадоў Дзмітры з Аленай пераехалі ў Макарынцы. Ён працаваў на ферме пастухом, скотнікам. Алена працавала даяркай. Атрымалі хату ат калгаса. Але паціху ўсё разбурылася. Алена зацяжарыла ад іншага мужчыны, у Дзмітрыя пачаўся раман з Марынай. Пара развялася.

Што тычыцца гісторыі з абрабаванай бабуляй, то Алена таксама не вельмі верыць у віну свайго былога мужа. Але ж хутка пасля абрабавання Дзмітрыя затрымалі, ён трапіў у РАУС. Неўзабаве па вёсцы папаўзлі чуткі пра яго жаночае мінулае. Як кажа Алена, пайшлі яны ад участковага міліцыянта.

«Я казала ўчастковаму Маскалёву — вы ўвогуле ведаеце, што такая інфармацыя не агалошваецца? А вы прыехалі ў калгас, пайшлі да старшыні, і ўсё гэта гаворыце. І потым у мяне яшчэ пытаецеся. Гэта прыватная справа Дзмітрыя, яго жыццё. Гэта нікога не павінна хваляваць».

Хутка, сцвярджае Алена, пра пол былога мужа ў яе пачалі пытацца і на працы. Затым з’явіўся той самы артыкул. Пытанняў стала яшчэ больш.

Алена з дачкой ад новага шлюбу.

Алена з дачкой ад новага шлюбу.

«Нават да пяцігадовай дачкі дайшлі чуткі — прыходзіць, і кажа: мама, а што, тата быў дзяўчынкай? Я, канечне, ёй нічога расказваць не стала, — кажа Алена. — Аднак, я ўпэўненая, што ўся гэтая інфармацыя ўсплыла дзякуючы міліцыі. Бо раней была гісторыя з аліментамі. Ад першага шлюбу ў Дзімы ёсць дачка, ўжо дарослая, яе біялагічны бацька, вядома, не Дзмітры. Але яна запісаная на яго. Дык ён плаціў аліменты ўвесь час. Потым былі праблемы, з’явілася запазычанасць. Дзіма спрабаваў даказаць, што бацька не ён, ездзілі нават у Мінск, да дактароў, якія рабілі яму аперацыю, аднак яны адмовілі. Сказалі, што інфармацыя пра змену полу нідзе не агалошваецца. Калі дзяўчына па дакументах лічыцца ягонай дачкой — павінен плаціць. Звярталіся ў суд, але ўсё безвынікова. Дзмітрыю нават давялося адсядзець кароткі тэрмін з-за той запазычанасці па аліментах. Але пра тое, што ён быў жанчынай, ніхто не ўзгадваў. Вось толькі цяпер, пасля гэтай справы пачаўся шум. Трапіў у нашае магілёўскае РАУС, і пайшло…».

Аднак, па словах Алены, Дзмітры нікуды не з’ехаў — два дні таму яна бачыла яго ў вёсцы. Мы паспрабавалі яшчэ раз зайсці да яго з Марынай. І ў гэты раз дзверы адчыніў сам Дзмітрый. На просьбу пагутарыць пагадзіўся адразу: «Заходзьце».

Простае няпростае жыццё

Дом, у якім жыве Дзмітрый і Марына.

Дом, у якім жыве Дзмітрый і Марына.

«Тое, што я не дзяўчынка, я разумеў усё жыццё. Гадоў з шасці я ўжо адчуваў сябе хлопцам. І ў школе ў мяне не было кавалераў і не хацелася іх мець. Дый сябраваў я з хлопцамі, а не з дзяўчатамі. Была адна дзяўчына, саплівая такая, яе крыўдзілі пастаянна. Дык я яе нават абараняў, — успамінае Дзмітры. — Пасля школы я пачаў апранацца як мужчына, стрыгчы валасы. Нават уладкаваўся на мужчынскую працу — займаўся ізаляцый труб. Пра мой пол ведаў толькі аддзел кадраў. Яны маўчалі. А мужыкі, калегі, думалі, што я хлопец».

Транссэксуальнасць — гэта медыцынскі тэрмін. Гэта калі чалавек адчувае сябе не таго полу, які ў яго анатамічна. Транссэксуальнасць, як сцвярджаюць медыкі, не звязана з сексуальнай арыентацыяй. Яна ў транссэкскалаў бывае рознай. У адрозненне ад сэксуальнай арыентацыі, транссэксуальнасць афіцыйна прызнана хваробай, адзіны спосаб лячэння якой — аперацыя па змене полу. Такія робяць пасля некалькіх гадоў назіранняў і старанных аналізаў.

Дзмітрый усё ж пагаджаецца пагутарыць і расказвае сваю гісторыю, стоячы ў цёмным калідоры. Ён кажа, што стары дзіравы дом пастаянна залівае, таму лямпачкі хутка перагараюць.

Дзмітрый усё ж пагаджаецца пагутарыць і расказвае сваю гісторыю, стоячы ў цёмным калідоры. Ён кажа, што стары дзіравы дом пастаянна залівае, таму лямпачкі хутка перагараюць.

Хутка Дзмітры пазнаёміўся з дзяўчынай. Яны пачалі сустракацца. Але калі каханая даведалася, што сустракаецца таксама з пакуль яшчэ дзяўчынай, яе гэта не напалохала. Вырашылі збіраць грошы на аперацыю, а потым пабрацца шлюбам. Даведаліся, што ў Магілёве быў ужо чалавек, які змяніў пол. Знайшлі яго, пагаварылі. І калі ён ехаў да дактароў наступны раз, то ўзяў з сабою і Дзмітрыя.

І ў 95-м годзе Дзмітры ўжо сам паехаў ў Бараўляны на аперацыю. Пры замене дакументаў, дарэчы, ён і абраў сённяшняе імя — кажа, будучая жонка параіла, ёй вельмі падабалася. У якасці мужчыны Дзмітры нават атрымаў ваенны білет, у якім пазначана «не служыў па хваробе».

«На той момант аперацыя каштавала каля тысячы долараў. Плюс потым гармоны яшчэ калоць — раз на месяц, у адзін і той жа дзень. Але я зарабляў нармальна, сума была пад’ёмная. Не тое, што сёння — нават на гармоны няма грошай. Працую скотнікам, там зарплата: калі семсот тысяч, калі мільён… Плюс яшчэ гэты новы закон, пакуль трапіш да сэксапатолага, пакуль атрымаеш рэцэпт…», — уздыхае Дзмітры.

Мясцовы клуб. Выхаднымі тут ладзяць дыскатэкі і вечарыны.

Мясцовы клуб. Выхаднымі тут ладзяць дыскатэкі і вечарыны.

Але сямейнае жыццё не склалася. Жонка пачала хадзіць «налева». Праз нейкі час Дзмітры быў вымушаны легчы ў бальніцу – пасля выдалення малочных залозаў з’явіліся пэўныя праблемы. Калі ён вярнуўся дамоў, то даведаўся, што жонка зацяжарыла. Дзмітры ёй прабачыў, потым, калі нарадзілася дзяўчынка, нават аформіў бацькоўства на сябе. Аднак зберагчы сям’ю не ўдалося – яны развяліся.

Хутка ён сустрэў Алену — тую самую, з якой пражыве амаль 15 гадоў. Пажыўшы некалькі гадоў у Магілёве, яны вырашылі пераехаць у Макарынцы, дзе жылі Аленіны бацькі. Што было далей — ужо вядома.

Злачынца, ці ахвяра

Крадзеж наш суразмоўца адмаўляе, наракае, што оперупаўнаважаны Бяляўскі прымусіў «узяць яго на сябе». 

«Бяляўскі хацеў, каб я паведамляў яму, што тут адбываецца: казаў пра крадзяжы, ну і гэтак далей, — сцвярджае Дзмітрый. — Чаму ён прычапіўся да мяне – не ведаю. Казаў: на зону сядзеш, будуць там цябе «ва ўсе шчыліны». Дзяцей пагражаў забраць», — сцвярджае Дзмітрый.

Дзіцячы садок, куды раней хадзілі дзеці Марыны, а цяпер ходзіць дачка былой жонкі Дзмітрыя Алены.

Дзіцячы садок, куды раней хадзілі дзеці Марыны, а цяпер ходзіць дачка былой жонкі Дзмітрыя Алены.

«14 лістапада павінен быў суд. Я не ведаў. Позвы не было. Проста ўчастковы Маскалёў прыехаў а першай ночы, і кажа — бяры шапку і пашпарт, паехалі. Кажа, арышт», — распавядае Дзмітры.

У выніку 35 дзён ён правёў ў следчым ізалятары. Сядзеў увесь час у адзіночнай камеры. Потым, у снежні, адбыўся суд. На ім не было нават адваката. Але Дзмітры трапіў пад амністыю, пастанавілі кампенсаваць страты — 750 тысяч — і адпусцілі. Новы год ён сустракаў ужо дома.

Выхавацелька мясцовага дзіцячага садка Руфія Рушанаўна кажа, што ўсе былі ў шоку ад артыкула ў газеце «Вечерній Могилев» — так пра людзей пісаць нельга.

Выхавацелька мясцовага дзіцячага садка Руфія Рушанаўна кажа, што ўсе былі ў шоку ад артыкула ў газеце «Вечерній Могилев» — так пра людзей пісаць нельга.

Вось такая гісторыя. Пагутарыць з пацярпелай бабуляй немагчыма – яна ўжо памерла. Участковага Маскалёва знайсці не ўдалося. А оперупаўнаважаны Васіль Бяляўскі, само сабой, усе абвінавачванні Дзмітрыя абвяргае.

«Я яго не біў, не пагражаў. Праводзілася праверка, і нічога не знайшлі, — сказаў следчы. — Да распаўсюду інфармацыі пра яго пол я таксама не маю ніякага дачынення».

Але ж, як паведаміў «Нашай Ніве» праваабаронца Раман Кісляк, калі міліцыянты сапраўды распавялі журналістам пра змену полу, то гэта безумоўнае парушэнне: «Гэта артыкул «раскрыццё прыватнага жыцця». Трэба падаваць у суд. Аніякага права распавядаць такія дэталі ў міліцыянтаў не было. Да таго ж, калі інфармацыя трапіла ў газету да таго, як быў вынесены прысуд, то гэта таксама парушэнне, і сур’ёзнае».

У дзяцей ціхі час. У Макарынцах яшчэ ёсць малыя дзеці, таму ёсць і невялікі садок. У школу ж трэба ехаць у суседні аграгарадок Масток.

У дзяцей ціхі час. У Макарынцах яшчэ ёсць малыя дзеці, таму ёсць і невялікі садок. У школу ж трэба ехаць у суседні аграгарадок Масток.

Вось толькі сам Дзмітры ставіцца да сваёй долі ці то па-філасофску, ці то проста абыякава. Пасля збіцця пабоі ён не здымаў. Паперы з адказам з пракуратуры знайсці так і не змог — адшукаўся пусты канверт. Нават артыкул той ён не чытаў – толькі чуў аб ім з чужых словаў. Дый падаваць у суд на газету не хоча, маўляў, няма на гэта грошай. Але ж у хуткім часе, прызнаецца Дзмітры, ён са сваёй ужо трэцяй сям’ёй плануе з’ехаць з Макарынцаў.

«Мне нават начальнік турмы сказаў — з’язжай. Змагацца з Бяляўскім сэнсу няма, кажа, ён табе жыцця не дасць, — тлумачыць Дзмітры. — Так што, напэўна, паеду ў іншую вёску. Дый што тут? Хоць бы быў дом добры, але ж і яго няма. Як жывем — самі бачыце».

Так, мы бачым. Бачым напаўразбураную кватэру з вялікай лужынай у адным з пакояў, дзе працякла батарэя.

Пры гэтым ніхто з нашых вясковых суразмоўцаў нічога дрэннага пра Дзмітрыя не казаў. І сам ён ніякаіх зменаў у стаўленні да сябе не заўважыў. «Жыву сабе як жыў», — кажа ён.

Хочацца, канечне, каб ён пачаў жыць як чалавек. Бо ён усё ж такі чалавек. Далёка не ідэальны. Але ж жывы.

Ён чалавек. Вы чуеце, Надзея Леўчанка?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?