Кіраўнік фракцыі «Блок Пятра Парашэнкі» і былы міністр унутраных спраў Украіны Юрый Луцэнка напісаў у Facebook, што падрыхтоўка праекта закона «Пра Нацыянальную паліцыю» скончаная.
Па ягоных словах, галоўныя навацыі ў дакуменце наступныя:
— Нацыянальная паліцыя ўзначальваецца начальнікам паліцыі, які прызначаецца Кабінетам міністраў на пяць гадоў,
— ствараюцца цэнтральная і абласныя камісіі з 5 асоб пры нацыянальнай паліцыі; у цэнтральнай камісіі 3 з 5 сябраў прызначаюцца Кабінетам міністраў, Вярхоўнай Радай і Ўпаўнаважаным Вярхоўнай Рады па правах чалавека,
— гэтыя камісіі праводзіць сецыяльную праверку пры прыняцці ў Нацыянальную паліцыю, конкурс на заняцце пасад і дысцыплінарныя расследаванні,
— таксама паліцыя знаходзіцца пад кантролем у выглядзе інспекцыйных праверак, пры якіх не менш за 20% інспекцыйнай групы мусяць складаць праваабаронцы,
— прызначэнні на пасады ў паліцыі праводзяцца на конкурснай аснове з выкарыстаннем дэтэктара хлусні,
- мясцовыя рады ўзгадняюць прызначэнні паліцыі грамадскай бяспекі і дарожнай паліцыі, а таксама могуць іх здымаць 2/3 галасоў.
«У выпадку, калі гэты закон будзе прыняты, МУС перастане быць савецкім міністэрствам міліцыі, а пераўтворыцца ў еўрапейскае цывільнае міністэрства ўнутраных спраў», - піша Луцэнка.
Падчас спецправерак і конкурсаў за 6 месяцаў плануецца стварыць Нацыянальную паліцыю Украіны. Аўтаматычнае перапрызначэнне міліцыянэраў на паліцэйскія пасады прапануецца забараніць.
Адным з важных фактараў перамогі рэвалюцыі ва Украіне ў студзені-лютым 2014 года была дэмаралізацыя і карумпаванасць міліцыі, амаль татальны недавер да яе з боку грамадзтва.
Летам 2013 году жыхары мястэчка Врадзіеўка ў Мікалаеўскай вобласці штурмавалі аддзяленне міліцыі, у сувязі з тым, што міліцэйскае начальства і пракуратура ўзялі пад абарону 2 афіцэраў міліцыі, якія групай гвалтавалі і катавалі маладую мясцовую жыхарку.
На паўднёвым усходзе Украіны міліцыянеры часта нічога не рабілі, каб абараніць свае гарады ад расійскіх баевікоў і пераходзілі на іхны бок.
Праект закона «Пра Нацыянальную паліцыю» апублікаваны на старонцы «3-я Украінская Рэспубліка»





