Дзесяць тысяч вайскоўцаў будуць прыцягнутыя ў Францыі да аховы грамадзянскіх аб'ектаў, на якія могуць напасці экстрэмісты.
Гэта рашэнне было прынята на сустрэчы прэзідэнта Францыі Франсуа Алянда з членамі кабінета міністраў і кіраўніцтвам праваахоўных органаў, якая прайшла ў Парыжы.
На нарадзе абмяркоўваліся меры бяспекі і крокі па барацьбе з ісламскім экстрэмізмам ў святле трагічных падзей мінулага тыдня.
Міністр абароны Францыі Жан-Іў Лё Дрыян заявіў, што вайскоўцы з аўторка пачнуць ахову найбольш важных аб'ектаў.
Акрамя таго, 5000 паліцыянтаў і супрацоўнікаў службаў бяспекі будуць ахоўваць 700 габрэйскіх школ краіны.
Міністр унутраных спраў Францыі Бернар Казнёў паведаміў пра гэта бацькам вучняў габрэйскіх школ на сустрэчы, якая прайшла ў адным з раёнаў поўдня Парыжа, дзе ў чацвер была застрэленая паліцыянтка.





