Амаль 80% маладых беларусаў задаволеныя сваім жыццём. Такія даныя сацдаследавання прывёў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка на гарадскім семінары, прысвечаным ідэалагічным забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінска.

«Згодна з вынікамі сацыялагічных даследаванняў, якія праводзіў Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, большасць маладых людзей (79,5%) задаволеныя сваім жыццём. Сярод праблем, якія выклікаюць непакой, моладзь называе матэрыяльныя цяжкасці — 42,5%, распаўсюджванне п'янства і наркаманіі — 42,5%, праблемы з працаўладкаваннем — 36%, нізкую забяспечанасць жыллём — 36%, нізкі ўзровень культуры насельніцтва — 26%», — сказаў Ігар Карпенка.

У Мінску пражываюць больш за 571 тыс. маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, што складае прыкладна 30% ад агульнай колькасці жыхароў сталіцы. «І ў горадзе робіцца ўсё магчымае, каб кожны малады чалавек мог рэалізаваць сябе на вытворчасці, у бізнесе, навуцы, мастацтве, каб кожны малады грамадзянін меў магчымасць выбару свайго жыццёвага шляху, развіцця патэнцыялу, мог прымаць актыўны ўдзел у жыцці рэспублікі», — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Намеснік старшыні адзначыў, што ў Беларусі склалася цэласная сістэма гарантый для моладзі. У яе ўваходзяць магчымасць атрымання адукацыі за бюджэтныя сродкі, прадастаўленне першага працоўнага месца, сістэма дапамог, якія стымулююць імкненне маладых людзей стварыць сям'ю, якія ўмацоўваюць прэстыж шматдзетнай сям'і.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?