Гурт Trubetskoy прэзентаваў новую песню на верш Максіма Багдановіча «Я бальны, бесскрыдлаты паэт». Адбылося гэта падчас папулярных курсаў беларускай мовы «Мова Нанова». Падчас іх музыкі распавялі пра свой шлях да беларускай мовы, адносіны замежнікаў да нашых музыкаў і пра будучы альбом, які, па іх словах, з’явіцца «па вясне».

Акрамя прэзентаванай кампазіцыі на верш класіка літаратуры Trubetskoy выканалі беларускамоўны варыянт песні «Рядом», якая ў перакладзе ўдзельнікаў заняткаў атрымала назву «Разам». Пераможцы атрымалі запрашальнікі на музычную прэмію «Даём рады» і майкі з лагатыпам гурта Trubetskoy. Цалкам верагодна, што абодва трэкі ў хуткім часе з’явяцца і ў студыйных версіях. А таксама прагучаць са сцэны на фестывалі «Даём рады», які пройдзе 13 лютага ў клубе Re:Public, дзе акрамя гурта Trubetskoyвыступяць Akute, «Разбітае сэрца пацана», «Мутнаевока» і Haina.

***

Два тэксты, якія больш за ўсё спадабаліся музыкам:

«Разам»

(Ганна Шыпшына)

З грукату бітай тары
Складаецца музыка вуліц.
Бягуць па асфальтах кентаўры,
Топчуць малёваных курыц.
Болем шугае з-за шатаў,
Іскры разносіць вецер.
Крывавыя кроплі гранатаў
У расхрыстаным брудным пакеце.
Дахі ўздымаюцца ў скрусе
Вышэй па іржавых балконах.
Я да цябе дакрычуся
На злосць чыгунным драконам. 
Мяне ты пачуеш праз хмары,
Працягнеш дрыготкія рукі.
Сыходзім з кіпучых абшараў,
Змінаючы дзіды і лукі.
Прыпеў 1.
Разам, будзем разам.
У небе будзем ляцець,
Як сонечныя анёлкі.
Разам, будзем разам.
Зорную неруш трымцець
У далонях да самага золку.
Радасныя каметы,
Прыцемкі ды туманы, 
За небасхілам сакрэты
Соннага акіяну.
Адрынем тое, што была:
Падману чутныя гукі.
У гнёздах — новыя крылы.
У пёрах — новыя рукі. 
Прыпеў 2.
Разам, будзем разам.
У небе будзем ляцець,
Пазбаўленыя пакуты.
Разам, будзем разам.
Ярчэй за зоркі гарэць,
Зазнаўшы адну атруту.

«Ластаўка»

(Зміцер Маслоўскі)

Вясна глядзіць у твар
Калоціць маё сэрца
Пазбаў ад гэтых хмар
Гэй вецер! Дай сагрэцца!
У кладоўку каўзуны
Віскочуць мае кеды
Пазбаўся ад нуды
Я жывы — жыве планета!
Выбухнула сонца:
усё наўкол крычыць
Ластаўка з вясною ў сені прыляціць.
На сметнік тэлевізар
Камп'ютар адключы
Вар’яцтва было блізка
Цяпер жыццё гучыць.
Стаміўся ад напругі
Даўгіх зімовых сноў
Душа ляціць да сонца
Спявае з ім ізноў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?