Калісьці продкі Аляксандра Рыжага марылі пра Парыж. Ён сам ледзь не застаўся ў Берліне. Але спачатку, стаўшы ў 22 гады юрыстам, трапіў следчым у міліцыю, меў па трыццаць крымінальных спраў у сейфе. Гэта быў цікавы час, кажа Аляксандр, 1993—94 гады. Але сказаў сабе аднойчы: досыць. Пайшоў юрыстам на тэлебачанне, тады беларускамоўнае. Гэта быў штуршок да выдавецкіх спраў, як ён сам цяпер разумее.

Наступны крок — год быў у Нямеччыне хаўс-майстрам у фірме, якая займалася паліграфіяй і інтэрнэт-рэкламай. Праца ў цэнтры Берліна, у «Mitte», на Аляксандэр-плац… Хацеў нават перавезці сям’ю, але ўсё ўзважыў і вырашыў, што лепей жыць дома, у Гродне.

Вярнуўшыся, знайшоў выдаўца Іллю Мельнікава. Разам выпускалі «макулатуру», брашуркі для абітурыентаў. Офіс у Мінску, друк у Расіі, распаўсюд па Беларусі, вялікія наклады… Потым была праца ў выдавецкім цэнтры ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў Гродне. Пяць гадоў таму разам з Юрыем Мілеўскім заснавалі выдавецкае ТАА «ЮрСаПрынт» — прадпрыемства «Юры і Сашы».

Аляксандр Рыжы ў браме дома на вуліцы К.Маркса, 11 у Гродне (адрас выдавецтва «ЮрСаПрынт»).

Аляксандр Рыжы ў браме дома на вуліцы К.Маркса, 11 у Гродне (адрас выдавецтва «ЮрСаПрынт»).

Кнігі

Мы размаўляем з Аляксандрам Рыжым у памяшканні «ЮрСаПрынт» на Маркса, 11. Гэта ў гістарычнай забудове Гродна, вуліца адна з найстарэйшых у горадзе. Калі выйсці на падворак, за дахамі ўбачыш гмах катэдральнага, былога езуіцкага, касцёла ХVІІ стагоддзя. Гаспадар гаворыць па-беларуску. Яму падабаецца працаваць у месцы, дзе ўсё дыхае гісторыяй.

Выпадкам, які вызначыў стратэгію выдавецтва, была сустрэча з гісторыкам архітэктуры Ігарам Трусавым. Той прынёс для выдання некалькі гістарычных кніг: пра Каложскую царкву, гісторыю гродзенскіх мастоў і прыгарадных рэзідэнцый караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. На першую прэзентацыю прыйшло столькі людзей, што не было дзе сесці. І Рыжы пераканаўся: гродзенцы хочуць ведаць пра свой горад усё.

Аляксандр Рыжы на фоне дома, дзе знаходзіцца ягонае выдавецтва.

Аляксандр Рыжы на фоне дома, дзе знаходзіцца ягонае выдавецтва.

Па выданнях «ЮрСаПрынт» можна вывучаць жыццё горада ў ранейшыя часы. І можна аднаўляць яго аблічча. Напрыклад, з дапамогай кнігі Ігара Трусава аб страчанай у ХІХ—ХХ стагоддзях гродзенскай архітэктуры. Сам выдавец прызнаецца, што акунуўся ў старыя здымкі, і калі ішоў па горадзе, то бачыў Гродна такім, якім яно было некалі. Словам, друкаваць такія кнігі — сціраць белыя плямы на гарадской мапе.

Кнігі выдавецтва.

Кнігі выдавецтва.

Малымі сіламі

Сам Аляксандр можа звярстаць кнігу, намаляваць вокладку, надрукаваць на рызографе. Але абавязкі размеркаваныя, многае на плячах другога заснавальніка выдавецтва Юрыя Мілеўскага. Ёсць яшчэ дзве супрацоўніцы. Больш браць людзей нельга: не будзе чым плаціць. А падвышаць цэны неразумна.

«Таму лепей астатняе буду рабіць сам», — распавядае Аляксандр Рыжы. Бухгалтэрыя, набыццё матэрыялаў, разлікі — усё робіцца самім выдаўцом.

«Прыемна, што нечаму вучышся, і з гэтага нешта выходзіць, можна нават фінансава адчуць». Канкурэнтаў у «ЮрСаПрынт» сёння ў Гродне няма. Але нават калі з’явяцца, будзе цікава, мяркуе ён.

  Адзін з аўтараў Ігар Трусаў у «ЮрСаПрынт».

Адзін з аўтараў Ігар Трусаў у «ЮрСаПрынт».

Хобі выдаўца

Аляксандр называе сябе скарбашукальнікам. Гаворыць, што любіць вандроўкі, ведае гродзенскія ваколіцы. Прыехаць, пабачыць нейкую мясціну для яго — задавальненне. І магчымасць убачыць «рэшткі гісторыі».

Мужчынскае прозвішча

Жонка Аляксандра, Марына, кіруе дзіцячым танцавальным калектывам. Сын Ілля, якому будзе зараз васямнаццаць, марыць стаць пісьменнікам. Прозвішча жонкі, дарэчы, Курыловіч. Гэта сямейнае, кажа Аляксандр: жанчыны, якія выходзілі замуж за Рыжых, пакідалі сваё дзявочае прозвішча.

Новая кніга Святланы Куль-Сяльверставай «Беларускі час», якая выйдзе ў бліжэйшы час.

Новая кніга Святланы Куль-Сяльверставай «Беларускі час», якая выйдзе ў бліжэйшы час.

Са шляхты

Выдавец Рыжы моцны сваім радаводам, які дапамагае ўсведамляць сябе тым, кім ён сёння ёсць. А кім былі ягоныя продкі? З аднаго боку, гэта сям’я Бялеўскіх, якая паходзіць з Магілёўскай губерні.

«Усе дакументы маю ў арыгіналах», — зазначае ён. Прапрадзед быў прадвадзіцелем дваранства ў Горацкім павеце. Ягоны сын Леанід ажаніўся са Смірніцкай Марынай — паходзіла з Пецярбурга, дзе скончыла Смольны інстытут. Яна ведала апошня-а імператара з імператрыцай і Распуціна.

1918 год, прадзед быў адвакатам у Магілёве. Узяўся абараняць святара. Яму прыгразілі расстрэлам. Давялося ўцякаць. «Яны спачатку беглі ў Мінск, які быў нямецкім на той час. Прадзед троху меў грошы. Але бабуля прайграла ў карты. Хацелі далей — у Парыж, але трапілі толькі ў Вільню», — распавядае Аляксандр.

У Вільні прадзед быў дырэктарам рускай гімназіі. А скандальна вядомы потым Барыс Кавэрда ледзь не стаў яго зяцем: быў жаніхом дачкі Люсі. «Потым яна сустрэла Рыжага Аляксандра Васілевіча, майго дзеда», — расказвае Аляксандр.

Сяліба

Сяліба Рыжых — хутар Тарасаўка ў Свіслацкім раёне. Двухпавярховы дом і па перыметры ліпавая алея, вялізны сад, сажалка, аб якіх падбалі некалі продкі Аляксандра. Продкі былі настаўнікамі.

У доме было мноства кніг, але пасля апошняй вайны на хутары зрабілі памежную заставу. Памежнікі многае пакруцілі на цыгаркі.

Радавод Аляксандра Рыжага па-сапраўднаму зацікавіў, калі яму было 25 гадоў. Тады пачаў вывучаць гісторыю сям’і, што так- сама надала штуршок, каб стаць выдаўцом.

Гільяціна для паперы

«Паліграфія — лакмусавая паперка эканамічнага становішча дзяржавы. Калі добра ўсё працуе, паліграфія павінна быць таннай. Амаль нічога не каштаваць. Чаму? Бо гэта рэклама. Папяровая рэклама застаецца асноўнай. А танная паліграфія — таннае выданне кніг», — разважае Аляксандр.

Адчуваецца, што ім гэта не раз абдумана. Ён працягвае: «Мяне заўсёды цікавіла: чаму ў Польшчы інакш? У тым жа Беластоку многа друкарняў. І там ёсць тэхналогіі, у нас іх няма. Абсталяванне, якое трапляе да нас, яно — учорашні дзень. Але яно каштуе грошы. Яго трэба набываць у крэдыт, і каб ён быў недарагім, або ў лізінг. У нас гэта немагчыма. Калі набыць зараз добры біндар (клеіць кнігі), гільяціну для паперы, то застанешся без нічога».

А колькі можа каштаваць? Тры-чатыры тысячы даляраў за біндар і за гільяціну недзе так. Ну, і вокладка шмат значыць — добрая кніга павінна быць у цвёрдай. А цвёрдую ва ўсёй вобласці ніхто не робіць, кажа Рыжы. Дый часам друкаваць саму кнігу ён возіць у Мінск, як апошняе выданне Андрэя Павача «Пад крылом Каложы». Там добра робяць, хоць і даражэй на траціну.

Мара Рыжага — мець друкарню поўнага цыклу. І пажадана афсетную. Але колькі трэба грошай — цяжка ўявіць, кажа Аляксандр. Другая мара — трохі мець вольнага часу, прызнаецца ён. Пяць год амаль без адпачынку. Заўжды на працы. Больш чым на два дні не адлучаўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?