У цэнтры Масквы на Васільеўскім спуску застрэлены Барыс Нямцоў. Пра гэта паведамляюць расійскія інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах.

Палітык быў забіты чатырма стрэламі ў грудзі. «Ён ішоў па Вялікім Каменным мосце з дзяўчынай, невядомыя выскачылі з машыны, зрабілі чатыры стрэлы і схаваліся», — адзначыла крыніца.

Барыс Нямцоў быў лідарам расійскай апазіцыі, непрымірымым крытыкам Пуціна і расійскай агрэсіі ва Украіне.

Фота РІАН.

Фота РІАН.

У дапуцінскія часы ён быў віцэ-прэм'ерам урада і разглядаўся як іншы магчымы пераемнік Барыса Ельцына. Але выбар Ельцына паў на Пуціна.

Нямцоў адкрыта і недвухсэнсоўна асудзіў расійскую агрэсію ва Украіне ў 2014. Пуцінскія прапагандысты разгарнулі супраць сапраўдную кампанію нянавісці і цкавання.

Два тыдні таму на пытанне журналіста, ці не баіцца ён, што яго заб'юць, Нямцоў адказаў: «Вы ведаеце, так… Трохі. Не так моцна, як мама, але ўсё ж… Але ўсё ж я не так моцна яго баюся. Калі б я баяўся вельмі моцна, то наўрад ці узначальваў б апазіцыйную партыю, наўрад ці б займаўся тым, чым займаюся».

Дзень назад, 26 лютага, Нямцоў у фэйсбуку назваў Пуціна забойцам, якога чакае Гаагскі трыбунал.

«Я разумею, што крамлёўскім садыстам, якія ў дэталях ведаюць, што адбываецца з Саўчанкай, дастаўляе асаблівае задавальненне здзекавацца з яе, як у свой час здзекаваліся і давялі да смерці Магніцкага. Я таксама разумею, што яе смерць прывядзе да персанальных санкцый супраць Пуціна, — напісаў ён. — Далей будзе Гаага. Забойцам не спагадаюць», — напісаў Нямцоў.

6may.org

6may.org

Забойства Барыса Нямцова стала шокам для расійскага грамадства. Можна меркаваць, што яно выкліча новую хвалю эміграцыі з Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?