«Нам не дано предугадать, как слово наше отзовется…» — сказаў неяк адзін дыскрымінаваны рускамоўны пісьменьнік», — так мецэнат Павел Падкарытаў іранічна пракаментаваў вострую дыскусію, што разгарэлася вакол аднаго з пасажаў прэс-рэліза Беларускага ПЭН-цэнтра.

Вось ён: «На сходзе Беларускага ПЭНа быў прадстаўлены і абсалютна новы праект: «Кніга году». Яе будуць абіраць усе ахвотныя пісьменнікі галасаваннем на сайце арганізацыі … Пэўныя пытанні выклікаў пункт палажэння пра роўнасць моў, якімі карыстаюцца беларускія пісьменнікі. Тым не менш пазіцыя ПЭН-цэнтра, замацаваная ў статуце прэміі, дастаткова празрыстая: і рускамоўныя, і беларускамоўныя аўтары маюць роўныя правы ў літаратарскім спаборніцтве. Ніхто не збіраецца забываць пра няпростае становішча беларускай мовы ў грамадстве, але і ўціск рускамоўных паэтаў і празаікаў быў бы зусім некарэктным крокам, — гаварылася ў прэс-рэлізе ПЭН-Цэнтра. — Тым больш рускамоўныя аўтары ў Беларусі наагул не маюць уласных літаратурных узнагародаў. Пастулюючы раўнапраўе моваў, перш за ўсё літаратурных моваў, Беларускі ПЭН-цэнтр звяртае ўвагу на пэўную дыскрымінацыю, якую варта пераадольваць».

У адказ з рэзкай крытыкай выступілі Алесь Аркуш, Ганна Кісліцына, Вінцэсь Мудроў, Алег Трусаў, Вінцук Вячорка, Сяргей Навумчык, Аляксандра Баярына.

Журналіст, паэт і сябар ПЭНа Алесь Ліпай напісаў саркастычны верш:

Бедныя расейскія пісьменнікі!
Мы дыскрымінуем іх займеннікі!
Скачуць беспрытульна, быццам конікі,
па літаратуры іх назоўнікі.
Крыўджана бадзяюцца прыметнікі,
быццам нехта выгнаў іх на сметнікі.
Нават дзеясловы і лічыльнікі
пахаваліся ў пэнцэнтраўскія шчылінкі.
Як жа іх адтуль, гаротных, вызваліць?
Каб хаця не ўздумалі куды зваліць!
Бо каго эліта нашай нацыі
бараніцьме ад дыскрымінацыі?

А журналіст і літаратар Сяргей Дубавец нават заявіў на Facebook пра намер выйсці з ПЭН-цэнтра. «Прачытаў прэс-рэліз з апошняга сходу ПЭНа і адчуў сябе ідыётам, — піша ён. — Ні пра якую дыскрымінацыю рускамоўных пісьменнікаў гаворкі на сходзе не было. Ніякай дыскрымінацыі рускамоўных у Беларусі не існуе».

Сяргей Дубавец хоча выйсці з ПЭН-цэнтра, «не жадаючы падмяняць рэальныя праблемы прыдуманымі, не хочучы падкідаць «аргументы» расійскай партыі вайны, не могучы ўплываць на рэлізы пра ў тым ліку і маю дзейнасць».

ПЭН-цэнтр не адмаўляе: слова «дыскрымінацыя» ў прэс-рэлізе ёсць. Але ўжытае яно не ў «радыкальным» значэнні.

«У межах новага праекта «Кніга года» будуць абраныя найлепшыя творы беларускіх пісьменнікаў незалежна ад мовы (па-беларуску, па-руску, па-ўкраінску, па-польску…). Буйныя прэміі (прэмія Гедройца і «Дэбют») выдаюцца за творы, напісаныя па-беларуску. Менавіта адсутнасць прэмій для ўсіх пісьменнікаў Беларусі называлася «пэўнай дыскрымінацыяй», — тлумачыць Анціпаў. — Мы не робім прэмію для рускамоўных, нас такая прэмія не цікавіць, нас цікавіць прэмія для ўсіх пісьменнікаў краіны», — патлумачылі ў ПЭНе.

Пра роўнасць моў кажа Хартыя Міжнароднага ПЭН-клуба, да якога належыць Беларускі ПЭН-цэнтр. 

Згодна з Хартыяй і прынцыпамі ПЭН-цэнтра было прынятае рашэнне: узнагароды за лепшыя творы ў межах «Кнігі году» выдаваць незалежна ад мовы іх напісання.

«Гаворка ідзе не пра дыскрымінацыю рускамоўных, а пра аб’яднанне пісьменнікаў. Мы не хочам дзяліць пісьменнікаў паводле мовы, на «Кнігу года» будуць на роўных умовах прэтэндаваць любыя творы беларускіх аўтараў», — кажа намеснік старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Павал Анціпаў.

У журы прэміі можа ўвайсці любы беларускі літаратар, у якога нядаўна выходзілі афіцыйныя кнігі з ISBN. Ён назаве аргкамітэту тры найбольш вартыя, на яго думку, кнігі ў той намінацыі, якую ён судзіць. Аргкамітэт жа з гэтых «троек» складзе поўны спіс прэтэндэнтаў на прэмію і дашле яго журы. З атрыманага спісу сябра журы выбірае трох сваіх пераможцаў. Сумарны рэйтынг затым вызначае пераможцу. Прэміі будуць уручацца ў намінацыях «Проза», «Паэзія», «Дзіцячая літаратура».

Адказнасць за раздзіманне скандалу са «шматмоўнай» прэміі Анціпаў ускладае на таго, хто перакрывіў сэнс прэс-рэліза, вырваўшы фразу з кантэксту.

Пазіцыю, выкладзеную ў прэс-рэлізе, падтрымалі культуролагі Юлія Чарняўская, Аляксандр Фядута, пісьменнік Ігар Тумаш, старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. Аўтарства прэс-рэліза належыць крытыку Ціхану Чарнякевічу. Ён таксама абараняе і вытлумачвае свае фармулёўкі.

Але такое тлумачэнне не пераканала крытыкаў. «Колькі яшчэ задачаў стаіць перад Беларускім ПЭН-цэнтрам!!! Дамагчыся, напрыклад, каб прэмію братоў Ганкураў выдавалі б русскоязычным! А то куды ні сунься — паўсюль дыскрымінацыя», — іранізуе ў адказ мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0