«Новая газета», якая рыхтавалася адмовіцца ў маі ад папяровага фармату, вядзе інтэнсіўныя перамовы з патэнцыяльнымі інвестарамі і працягне выходзіць у друк, заявіў галоўрэд Дзмітрый Муратаў.
У пачатку сакавіка стала вядома, што выпуск папяровай версіі «Новай газеты» можа быць прыпынены ўжо ў маі, паколькі выданне больш за год не атрымлівае грошай ад акцыянера, у яе няма даходаў ад рэкламы і ўсё гэта на фоне складанай агульнай сітуацыі на рынку друкаваных СМІ. Прэс-сакратар газеты Надзея Прусянкова распавяла тады, што электронная версія выдання пры гэтым будзе выходзіць па-ранейшаму. Паводле яе слоў, кіраўніцтва «Новай газеты» разглядала варыянты продажу часткі пакета акцый, вяло перамовы з магчымымі інвестарамі.
«У нас пакуль сітуацыя застаецца. Мы адназначна будзем выходзіць (на паперы). З'явілася шмат цікавых розных прапаноў (ад патэнцыйных інвестараў), мы знаходзімся ў стадыі абмеркавання», — распавёў Муратаў, але да афіцыйнага заключэння здзелкі не стаў раскрываць, з кім ідуць перамовы.
Паводле яго слоў, трывога, якая паднялася ў пачатку сакавіка ў сувязі з заявай «Новай газеты» аб магчымым спыненні папяровай версіі, «і ў Расіі і ў свеце была пачутая», пасля чаго рэдакцыя атрымала шэраг цікавых прапаноў.
«Газета будзе выходзіць пасля майскіх святаў. Вядзем інтэнсіўныя перамовы і разлічваем на паспяховы зыход», — рэзюмаваў Муратаў.
«Новая газета» выходзіць з 1993 года і вядомая сваімі журналісцкімі расследаваннямі.





