Жыхары вёскі Турэц-Баяры Маладзечанскага раёна даслалі ў рэдакцыю tut.by фатаграфіі, засыпаных зямлёй трупаў дзікоў. Гісторыя, якая атрымала працяг у сакавіку гэтага года, пачалася яшчэ мінулай восенню. Дзеці знайшлі ў балоце ля ракі дзве тушы дзікоў і расказалі пра ўбачанае мясцоваму паляўнічаму, распавядаюць жыхары вёскі.

На месцы паляўнічы выявіў яшчэ 6 трупаў — усяго 8. «У свіней, відаць, з лыча ішла кроў, — распавядаюць відавочцы і мяркуюць, што свінні былі заражаныя афрыканскай чумой свіней. — Паляўнічы пра ўсё паведаміў егеру».

На гэтым сітуацыя, падобна, была вычарпаная. Мясцовыя жыхары хадзілі паглядзець месца загінулых жывёл. «У мінулым годзе на тым месцы нічога ўжо не было. Мы бачылі толькі высечаную да месца прасеку (мабыць, расчышчалі праезд) і сляды «уазіка». Думалі, што ўсё ўтылізавалі», — расказваюць паляўнічыя.

У сярэдзіне сакавіка жыхары вёскі, шпацыруючы па лесе, адчулі смуродны пах. І ў метрах 500-600 ад месца леташняга выяўлення трупаў і прыкладна ў 800 метрах ад вёскі ўбачылі ў яме кучу туш свіней, прысыпаных пяском. З пяску тырчалі рэшткі, іх расцягвалі лісы. Пра знаходку паведамілі ў інспекцыю па ахове жывёльнага свету, распавядаюць мясцовыя.

Пасля таго, як выпадак з трупамі ўсплыў паўторна, на месца прыязджалі прадстаўнікі лясгаса. «Потым — інспекцыя па ахове жывёльнага свету, і праз тыдні тры — дэлегацыя з сямі машын: ветэрынары і супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры», — распавядае жыхар вёскі Турэц-Баяры. А нядаўна па вёсцы сталі хадзіць ветэрынары, правяраць хатнюю жывёлу.

Больш за ўсё людзей непакоіць тое, што нехта хацеў схаваць леташні інцыдэнт і ўтаіць магчымую крыніцу заразы. «Інакш навошта было адцягваць трупы на такую адлегласць і засыпаць пяском», — дзівяцца мясцовыя.

Пракурор Маладзечанскага раёна Уладзімір Дубоўскі распавёў, што па факце вядзецца папярэдняя праверка, пра высновы пакуль казаць рана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?