Каля амбасады Расіі ў Мінску 29 красавіка былі затрыманыя грамадскія актывісткі Вольга Нікалайчык і Кацярына Садоўская, а таксама журналісты польскага тэлеканала «Белсат», паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманне адбылося прыкладна ў 15.00. У журналістаў перапісалі пашпартныя дадзеныя і адпусцілі, а Нікалайчык і Садоўскую павезлі ў Цэнтральны РУУС Мінска. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.
У пасольстве Расіі БелаПАН пацвердзілі, што такая падзея мела месца. «Каля 15.00 да амбасады падышлі дзве дамы. Нейкая размова [з аховай] адбылася. У выніку яны пакінулі каля ўваходу ў амбасаду нейкі пакет і пайшлі ад амбасады. Міліцыянт, які ўбачыў, што яны нешта пакінулі, выконваючы службовыя інструкцыі, дагнаў гэтых жанчын і спыніў», — распавёў супрацоўнік расійскай дыпмісіі.
Знаёмыя Вольгі Нікалайчык паведамілі ў Facebook, што яна нібыта знайшла на Кургане Славы пад танкам касметычку, якая належыць расейскім байкерам з клуба «Начныя ваўкі» — удзельнікам мотапрабегу «Дарогі Перамогі», якія наведалі мемарыял 26 красавіка. Параіўшыся з сябрамі, Нікалайчык вырашыла аднесці знаходку ў пасольства РФ, каб супрацоўнікі перадалі касметычку гаспадарам. Каля будынку амбасады ахоўнік забраў у актывісткі пашпарт, а машына, на якой яна з сябрамі прыехала, была заблакаваная на стаянцы. Тэлефон Нікалайчык ў цяперашні час адключаны.
Як паведамляе Белсат, у «касметычцы» з эмблемаю расійскага байкерскага клуба былі ў тым ліку панчохі і карункавыя майткі.