Пра гэта пішуць у сацыяльных сетках. Суполка «Беларусь і Расія разам назаўжды! Русь маладая!» паведамляе: «Аднадумцы, што хочуць прыняць удзел у штогодавай акцыі Георгіеўская стужка, а таксама тыя, хто хоча атрымаць стужкі бясплатна, пішыце Сяргею Лушчу».

Сяргей Лушч – гэта лідар «Румола». Палітолаг Ігар Лялькоў у матэрыяле аб прарасійскіх сілах у Беларусі адзначаў: «Сяргей Лушч мае выдатныя адносіны як з беларускімі ўладамі (па лініі «афіцыйнай моладзевай палітыкі»), так і з пасольствам РФ у Мінску (па лініі Рассупрацоўніцтва, правядзення разнастайных канферэнцыяў, спартовых турніраў па каратэ і г.д.)».

Адзначаецца, што 6 мая па адрасе Камуністычная, 86 (уваход злева ад галоўнага) а 16 гадзіне адбудзецца каардынацыйны сход. Сама акцыя адбудзецца 7-8 мая.

Некалькі дзён таму на сайце «Русі маладой» з’явіўся матэрыял «Навіны аб забароне георгіеўскіх стужак у Беларусі і Казахстане – фэйк» за аўтарствам Сяргея Лушча.

«Відавочна, што дадзены ўкід ў духу спадчыннікаў гебельсаўскай прапаганды, які выйшаў на старонках жоўтага апазіцыйнай інтэрнэт-сайта, дзе Расію называюць не інакш як агрэсарам, а жыхароў Данбаса - тэрарыстамі, нельга ўспрымаць у цэлым як нешта адэкватнае», – напісаў Лушч.

Варта адзначыць, што з гэтага года на афіцыйных мерапрыемствах у Беларусі выкарыстоўваюцца стужкі ў колер дзяржаўнага сцяга з яблыневым цветам. Гэты сімвал прапанавалі на студзеньскім з’ездзе БРСМ, яго падтрымаў Лукашэнка. Ніхто з чынавенства не прымацоўвае да свайго адзення георгіеўскую стужку.

Пасля таго, як баевікі на Усходзе сталі выкарыстоўваць георгіеўскую стужку для ўласнай ідэнтыфікацыі, яна набыла іншы сэнс, перастаўшы быць нейтральным сімвалам.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?