Заўтра на пасадзе галоўнага трэнера футбольнага мінскага «Дынама» Душана Угрына зменіць Вук Рашавіч. Як стала вядома Football.by, у мінскім «Дынама» прынята рашэнне пра спыненне супрацоўніцтва з Д.Угрынам.
Чэшскі спецыяліст будзе заўтра афіцыйна адпраўлены адстаўку. Таксама з вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што яго абавязкі будзе выконваць Вук Рашавіч, які цяпер займае ў мінскім клубе пасаду спартыўнага дырэктара.
У прэс-службе «Дынама» інфармацыю карэспандэнту «Нашай Нівы» не абверглі, але і не пацвердзілі.
«Мы не каментуем нашыя намеры. Інфармацыя даецца толькі па факце. Калі нешта адбудзецца, інфармацыя адразу з'явіцца на сайце клуба. Таму, калі хочаце дакладна даведацца — чытайце наш сайт», — параіў прэс-сакратар «Дынама» Васіль Князюк.
Вук Рашавіч, football.by
Пасля трох тураў «Дынама» займае 11-ы радок у турнірнай табліцы, не атрымаўшы ніводнай перамогі, а ўчора клуб вылецеў з Кубка Беларусі, прайграўшы на сваім полі БАТЭ з лікам 1:3.
Душан Угрын быў прызначаны галоўным трэнерам «Дынама» ў снежні 2014 г. Ён стаў 29-м трэнерам клуба з 1999 года, калі гаспадаром «Дынама» стаў бізнэсмен Юрый Чыж.
У сезоне-2014 дынамаўцамі кіраваў Уладзімір Журавель, які вывеў каманду ў групавы раўнд Лігі Еўропы і прывёў яе да сярэбраных медалёў чэмпіянату краіны.





