У ліпені 2013 года Марцін Оберг прыбыў у Мінск у рангу часовага паверанага ў справах Швецыі ў Беларусі. Да прызначэння ў Беларусь ён працаваў у пасольствах Швецыі ў Латвіі, Конга, Фінляндыі і Расіі.

Нагадаем, пасольства Швецыі ў Мінску было закрытае 30 жніўня 2012 года. Тады ж спыніла працу і пасольства Беларусі ў Стакгольме. Дыпламатычнаму канфлікту папярэднічала рашэнне беларускіх уладаў аб непрацягу акрэдытацыі шведскаму паслу Стэфану Эрыксану, якога абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм. Пасля закрыцця двух пасольстваў функцыі пасольства Швецыі ў Мінску выконвала дыппрадстаўніцтва Эстоніі, беларускага ў Стакгольме — пасольства Латвіі.

Вясной 2013 года беларускі бок задаволіў просьбу шведскага боку і акрэдытаваў у Мінску часовага паверанага ў справах Швецыі ў Беларусі. 

Разам з тым беларускае пасольства ў Стакгольме ўсё яшчэ не працуе.

Летам мінулага года ў інтэрв`ю БелаПАН міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на пытанне аб аднаўленні працы пасольства ў Швецыі адказаў: «На жаль, давер аднавіць нялёгка, патрабуецца пэўны час. Таму ўвесь комплекс абставінаў — і фінансава-эканамічных і іншых — не дазваляе нам на гэтым этапе аднавіць наша дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Швецыі. Мы будзем глядзець надалей на кантэкст нашых адносінаў з гэтай краінай — і на двухбаковай аснове, і ў кантэксце агульнай палітыкі ЕС. Будучыня пакажа… Мы маем намер развіваць нашы адносіны, зыходзячы з неабходнасці таго, што яны павінны быць узаемавыгаднымі для нашых краін і народаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?