Дзевяць дзяцей пацярпелі ў Горках з-за перакульвання ветрам надзіманага атракцыёну, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.
фота з фэйсбука Аксаны Салянюк — прадстаўніка СК па Магілёўскай вобласці
Па аператыўнай інфармацыі, сёння каля 17:00 каля дома №30 па вуліцы Вакзальнай моцны парыў ветру перакуліў надзіманы атракцыён, на якім знаходзіліся дзевяць дзяцей. У выніку падзення дзеці атрымалі цялесныя траўмы рознай ступені цяжкасці. Усе яны дастаўлены ў Горацкую раённую бальніцу.
Трое знаходзяцца ў хірургічным аддзяленні, шасцёра - у дзіцячым.
Усім дзецям аказана неабходная медыцынская дапамога, з імі працуюць псіхолагі. Стан дзяцей ацэньваецца як стабільны. Самому маленькаму — два з паловай гады, старэйшаму — дзесяць гадоў.
фота з фэйсбука Аксаны Салянюк — прадстаўніка СК па Магілёўскай вобласці
На месцы здарэння працавалі супрацоўнікі МНС і следча-аператыўная група. Вырашаецца пытанне аб завядзенні крымінальнай справы. Следчым трэба будзе высветліць, ці выконваў ўласнік прыватнага атракцыёну ўсе правілы эксплуатацыі і тэхнікі бяспекі.





