Хворыя, якім у Італіі выпісваюць рэцэпты на медычную марыхуану, пакутуюць ад занадта высокіх коштаў на легальны прадукт, піша сайт Бі-Бі-Сі.

Італьянская вайсковая плантацыя марыхуаны пад Фларэнцыяй.

Італьянская вайсковая плантацыя марыхуаны пад Фларэнцыяй.

Каб дапамагчы гэтым людзям, італьянскія вайскоўцы знайшлі нечаканае выйсце — пабудаваць адмысловую ферму на тэрыторыі вайсковай фармацэўтычнай фабрыкі. Цяпер яны спадзяюцца павялічыць вытворчасць медычнай марыхуаны да такога ўзроўню, каб яна стала больш таннай.

«Мэта аперацыі — зрабіць медычны прадукт дасягальным для пацыентаў», — адзначыў палкоўнік Антоніо Медыка. Ваенны аб'ект да таго ж мае добрую сістэму бяспекі і кантролю.

Мэта ваенных медыкаў — знізіць кошт прадукту да 15 ці нават 5 еўра за грам, сказаў вайсковец. Цяпер адзін грам з-за дэфіцыту нават абсалютна легальна можна набыць прыкладна за 35 еўра.

У 2014 годзе італьянскі суд адмяніў закон, які цалкам забараняў спажыванне «траўкі», аднак гандаль, захаванне і вытворчасць марыхуаны ў медычных мэтах жорстка рэгулююцца, і пастаўкі яе не паспяваюць за попытам. Гэта спрыяе нелегальным пастаўкам наркатычнага сродку ў Італію праз мафіёзныя каналы.

У медычных мэтах марыхуану выкарыстоўваюць у асноўным як сродак супраць хранічных боляў. Спецыялісты дагэтуль спрачаюцца пра плюсы і мінусы медычнага выкарыстання і легалізацыі марыхуаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?