Маршрутка з Тыраны ў Скоп’е адпраўлялася а 21.00. Кіроўца, албанец гадоў 50, размаўляў па-англійску і, як выглядала, па-македонску. У салоне ехалі пераважна албанцы. З замежнікаў — двое туркаў.

«Вы ў Тыране на стрыптызе былі? — запыталіся ў нас туркі. — Мы схадзілі. Але дарагавата». Яны аказаліся студэнтамі, якія па абмене на год прыехалі ў македонскую Стругу. Будучыя архітэктары. У Албанію прыязджалі ж на выхадныя.

«А ў Беларусі размаўляюць па-руску?» — «Па-руску і па-беларуску». — «Калі будзеце ў Скоп’е каля дзяўчат гаварыць па-руску, то адны не застаняцеся, — давалі парады студэнты. — У Скоп’е шмат публічных дамоў — нелегальных і легальных».

Мы перавялі размову на іншае. На новага турэцкага прэзідэнта Эрдагана, які ў 2013 на пасадзе прэм’ер-міністра адзначыўся разгонам дэманстрантаў пры абароне імі стамбульскага парку Гезі. Летась ён стаў прэзідэнтам.

«А як імя вашага прэм’ера?», — пацікавіўся адзін з туркаў, Лукашэнку ён ведаў. — «Кабякоў». Ён прызадумаўся. «Ты яго не можаш ведаць: нават у Беларусі не кожны ведае яго імя».

У Скоп’е прыехалі ў 4.40 раніцы. Надвор’е моцна сапсавалася: тэмпература ўпала ўдвая. Пасля +23-25 у Тыране, +14 з ветрам былі пакутліва халоднымі. Нумар у хостэле быў забраніраваны толькі з 12.00. Вырашылі накіравацца туды раней: заплацім яшчэ за адзін дзень, але хаця б выспімся ў цяпле.

«Таксі!» — падышоў высокі македонец. Ён пачаў гаварыць на ламанай рускай. Па-англійску не размаўляў. Прапанаваў за пяць еўра падвезці.

Але ў хостэле, які знаходзіцца на беразе хуткаплыннага Вардара, ніхто не адамкнуў. Давялося ісці ў горад гуляць.

Вардар.

Вардар.

Скоп’е ўначы ўражвае. Падсвечаная крэпасць, дзясяткі вершнікаў на пастаментах. І не менш вялізных дзяржаўных сцягоў на вуліцах. А гістарычны цэнтр такі акуратны і чысты. І не верыцца, што гэта адна з найбяднейшых краін Еўропы.

Але як выходзіш за межы цэнтра, адразу бачыш горад без бляску: смецце, размаляваныя вулічнымі вандаламі будынкі, зарослыя травой тратуары.

У Македоніі большасць вызнае хрысціянства (праваслаўе).

У Македоніі большасць вызнае хрысціянства (праваслаўе).

Але шмат і мусульманаў.

Але шмат і мусульманаў.

Калі пры дзённым святле аглядаеш горад, у вачах проста пачынае рабаціць ад усіх помнікаў: пры начным асвятленні не заўважаеш, наколькі іх шмат. Складаецца ўражанне, што нацыя спрабуе самасцвердзіцца за кошт гэтых высачэзных Аляксандра Македонскага і Філіпа ІІ Македонскага, дзясяткаў іншых. Комплекс малой нацыі.

Пасля, калі наведалі Музей македонскага змагання, зразумеў, у чым прычына. Краіна, разарваная тэрытарыяльна сваімі суседкамі (найперш Балгарыяй і Грэцыяй), сёння займае прыкладна траціну ад тэрыторыі Старажытнай Македоніі. Усе гэтыя помнікі — спроба звярнуць увагу на сваю велічнасць. У мінулым.

На вулачках старога горада.

На вулачках старога горада.

У Скоп’е шмат старых машын. Нават у Тыране іх менш. Гэта да пытання дабрабыту. Мала кавярняў і кропак з фастфудам.

Па вуліцах Скоп'е ездзяць двухпавярховыя аўтобусы.

Па вуліцах Скоп'е ездзяць двухпавярховыя аўтобусы.

Дарэчы, мы так і не бачылі намёкаў нават на публічныя дамы ў македонскай сталіцы, пра што расказвалі турэцкія студэнты. Хоць і не шукалі іх.

 

У нядзелю мы выправіліся на Нацыянальную арэну Філіп ІІ Македонскі, каб паглядзець футбольную атрыбутыку. І акурат трапілі туды на пачатак матчу паміж «Вардарам» і «Ранова» (1 і 3 радкі турнірнай табліцы на той момант). Білет каштаваў 100 дынараў (1,4 еўра). Якім было здзіўленне, калі на гульні фактычна наймацнейшых каманд краіны было прыкладна 500 (!) гледачоў. Пры змяшчальнасці стадыёна ў 36 тысяч. «Вардар» тады выйграў. Ніякай атрыбутыкі, між іншым, на стадыёне не прадавалася. Нават у сувенірных лаўках у цэнтры іх не было: прадавалі бірулькі «Ювентуса» і «Барселоны», але родныя не.

Археалагічны музей.

Археалагічны музей.

Што да цэн, яны прымальныя. Нумар у хостэле — 1760 дынараў (1 еўра — 61 дынар), білет у Музей македонскага змагання з англамоўнай экскурсіяй — 300 дынараў на чалавека, праезд у гарадскім аўтобусе — 35 дынараў. Кава — 30-50 дынараў, абед — 200 дынараў на чалавека, піва ў кавярні — 60 дынараў.

Помнік албанскаму нацыянальнаму герою Скандэрбегу. У Македоніі каля чвэрці насельніцтва складаюць албанцы.

Помнік албанскаму нацыянальнаму герою Скандэрбегу. У Македоніі каля чвэрці насельніцтва складаюць албанцы.

 

Такая прыгажосць знаходзіцца побач са Скоп'е. Каньён Матка.

Такая прыгажосць знаходзіцца побач са Скоп'е. Каньён Матка.

Са Скоп’е мы з’язджалі начным цягніком да Белграда (білет 23 еўра ў сядзячым вагоне, у спальным — на 6 еўра даражэй). На Балканах, папярэджвалі, гэты від транспарту ненадзейны. Але нам пашанцавала: затрымка было ўсяго паўгадзіны. Цягнік ехаў з Салонікаў праз Скоп’е ў сербскую сталіцу. Састаў налічваў тры вагоны: два сядзячыя і адзін спальны. У спальным мы спачатку былі аднымі: проста сюжэт для фільма жахаў. Пасля, праўда, усё-такі з’явіліся яшчэ пару чалавек.

  Чыгуначны вакзал.

Чыгуначны вакзал.

Дарэчы, чыгуначны вакзал у Скоп’е злучаны з аўтобусным. Калі апошні адрамантавалі, то чыгуначны яшчэ не. Гэта сумнае відовішча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?