Нядаўна навуковы супрацоўнік гомельскага Інстытута лесу НАН Беларусі ўзяў прыродны матэрыял для кланавання дуба — галінкі з верхняй кроны, якія дапамог зрэзаць прафесійны альпініст-вышыннік. Калі кланаванне пройдзе паспяхова, то маладыя дрэўцы — «дзеткі» Цар-дуба разыйдуцца па дэндрапарках Беларусі.

Навуковец пабываў ля дуба разам з экспедыцыяй, якую арганізаваў кіраўнік брэсцкага велаклуба «Радзея» Валянцін Балдэнка. Удзельнікі паездкі праверылі і ўмацавалі «ахову ад маланак» дуба, а таксама пакінулі пасланне з вершамі будучым пакаленням.

Ляснічы Пажэжынскага лясніцтва Сяргей Касынюк, які суправаджаў гасцей, распавёў, што на тэрыторыі лясніцтва ёсць два помнікі прыроды рэспубліканскага значэння: Цар-дуб, узрост якога 850 гадоў (вышыня каля 46 метраў, у дыяметры дрэва — 2,14 метра), і Дуб-патрыярх, якому каля 700 гадоў (вышыня 40 метраў, дыяметр — 1,96 метра).

Акрамя іх, у Маларыцкім раёне помнікамі прыроды з'яўляюцца таксама астраўныя ельнікі на плошчы больш за 13 гектараў і 2 лясныя букі, якім па 150 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?