Прадстаўнікі Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА), арганізацыі беларускай дыяспары ў Вашынгтоне, сустрэліся 29 красавіка з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Эрыкам Рубінам. Падчас гутаркі былі абмеркаваныя лютаўская паездка Рубіна ў Мінск, перспектывы развіцця двухбаковых дачыненняў і пазіцыя ЗША па прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

Рубін станоўча ацаніў паездку ў Беларусь, у тым ліку, і сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Разам з тым, паляпшэнне міждзяржаўных адносінаў магчыма тады, калі абодва бакі будуць рабіць практычныя крокі насустрач адзін аднаму. Развіццё гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва стане магчымым пасля вызвалення палітычных зняволеных і стварэння ўмоваў для дэмакратычнага працэсу ў Беларусі, у тым ліку правядзення выбараў на належным узроўні.

Амерыканскі дыпламат запэўніў, што праблематыка правоў чалавека застаецца цэнтральнай пры вызначэнні палітыкі Злучаных Штатаў датычна Беларусі. ЗША працягнуць надаваць увагу справам аб зніклых беларускіх палітыках і палітычных зняволеных.

У гэтай сувязі паказальна, што, нягледзячы на актывізацыю двухбаковых кантактаў апошнім часам, ЗША падтрымліваюць мандат спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, які, верагодна, будзе працягнуты на яшчэ адзін год падчас сесіі Рады па правах чалавека ААН у чэрвені. Злучаныя Штаты таксама ў чэрвені маюць намер працягнуць санкцыі міністэрства фінансаў супраць фізічных і юрыдычных асобаў, уведзеныя рашэннем прэзідэнта ЗША пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2006 года. Абодва захады будуць заставацца на парадку дня ЗША, калі толькі ва ўнутранай палітыцы Беларусі не адбудуцца значныя змены.

Ацэнка будучых прэзідэнцкіх выбараў з’яўляецца складаным пытаннем для Дзярждэпартамента. Зараз у Беларусі адсутнічаюць умовы для палітычнай канкурэнцыі. Справа не толькі ў няроўных умовах вядзення выбарчых кампаній. Мэтанакіраваныя дзеянні ўлады значна аслабілі палітычную апазіцыю. Мікалай Статкевіч, кандыдат на мінулых выбарах, да гэтага часу зняволены, некаторыя палітыкі і актывісты вымушана пакінулі Беларусь і не могуць браць удзелу ў выбарах.

Недастаткова правесці бездакорна толькі дзень галасавання. Ацэньвацца будуць усе перыяды выбарчай кампаніі. Для Злучаных Штатаў важна не толькі каб усе палітзняволеныя былі вызваленыя, але каб улада адмовілася ад новых арыштаў і прысудаў. Важна таксама аднавіць роўны доступ палітычных сілаў да сродкаў масавай інфармацыі, не перашкаджаць свабодзе сходаў. Неабходна, каб беларуская ўлада своечасова дазволіла належнае міжнароднае назіранне за выбарамі місіяй Офісу па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ.

Злучаныя Штаты будуць уважліва назіраць за прэзідэнцкай кампаніяй і за ўмовамі яе правядзення на ўсіх этапах і рабіць адпаведныя высновы. Сваю пазіцыю па ацэнцы выбараў на ўсіх этапах ЗША будуць каардынаваць з Еўрапейскім Звязам. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?