У Замку Локі. Фота: R.B. Pedersen, Centre for Geobiology, University of Bergen

У Замку Локі. Фота: R.B. Pedersen, Centre for Geobiology, University of Bergen

На дне Атлантычнага акіяну знойдзеныя незвычайныя археі, якія ёсць прамежкавай формай між мікробамі і складанымі арганізмамі, клеткі якіх маюць ядры, піша міжнародная група біёлагаў і акіянолагаў у часопісе Nature.

На глыбіні 2,5 км сярод сямейства геатэрмальных крыніц («чорных курыльшчыкаў»), якое называюць Замкам Локі, былі знойдзеныя абрыўкі ДНК невядомых архей, названых Lokiarchaeota альбо проста Локі.

Загадкавая прорва ў развіцці між бактэрыямі і мнагаклетачнымі арганізмамі аказалася не такой вялікай — падобна, што Локі, хоць і ёсць аднаклетачнымі, больш падобныя да амёб і іншых прасцейшых.

Аналіз адноўленага геному Локі паказаў, што яны маюць набор генаў, які не знаходзіўся раней ні ў архей, ні ў бактэрый, але ёсць асновай для ўсіх сённяшніх мнагаклетачных. Імаверна, яны маюць гнуткую (і падкантрольную ім) клетачную абалонку і мембрану, могуць захопліваць кавалкі ежы і «ператраўліваць» іх.

Падобна, што даўні родзіч Локі каля 1,5-2 млрд год таму спрабаваў з’есці іншую бактэрыю, але не здолеў яе ператравіць — яна стала мітахондрыяй. Больш позні родзіч паспрабаваў з’есці цыянабактэрыю, але зрабіў яе сваім хларапластам.

Навукоўцы збіраюцца вярнуцца да Замку Локі, каб паспрабаваць адшукаць яшчэ больш прымітыўныя арганізмы ды вызначыць момант, у які ад архей адасобіліся эўкарыёты — арганізмы з адасобленымі ядрамі клетак, да якіх належаць усе расліны, грыбы і жывёлы, у тым ліку мы, людзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?