Адным з галоўных канструктараў беларускіх перамог на чэмпіянаце свету па хакеі справядліва лічаць нашага галоўнага трэнера Дэйва Льюіса. «НН» сабрала цікавыя старонкі біяграфіі настаўніка.

Мае ўкраінскія карані

Льюіс часта падкрэсліваў, што ягоныя бабуля і дзядулі па матчынай лініі былі ўкраінцамі. Вучылі яго ўкраінскай мове. Ён згадваў словы, якія чуў ад іх «добры дзень», «яблык». Дзядуля пераехаў у ЗША, а потым у Канаду ў 1905 годзе, бабуля — у пачатку Першай сусветнай вайны.

Сам Льюіс нарадзіўся ў 1953 годзе ў мястэчку Кіндэрслі на поўначы Канады. Гэта рабочы пасёлак, большасць жыхароў якога былі звязаныя ці з сельскай гаспадаркай, ці са здабычай нафты і газу.

Льюіс нават невялікі перыяд працаваў галоўным трэнерам зборнай Украіны па хакеі, але нічога добрага за гэты час так і не выйшла.

Па бацькоўскай лініі дзяды Льюіса былі родам з Шатландыі.

Тысяча гульняў у НХЛ

У наймацнейшай хакейнай лізе свету НХЛ Дэйв Льюіс правёў 16 сезонаў у якасці гульца. Ён выступаў за такія каманды, як «Нью-Ёрк Айлендэрз», «Лос-Анжэлес Кінгз», «Нью-Джэрсі Дэвілз», «Дэтройт Рэд Уінгз». Агулам абаронца згуляў у НХЛ ажно 1008 гульняў, у якіх адзначыўся 36 галамі, а таксама 224 набранымі выніковымі ачкамі.

Рост Льюіса складае 188 сантыметраў, а вага – 91 кілаграм. Прафесійную кар’еру Льюіс завяршыў у 1987 годзе. Адразу пасля чаго перайшоў на працу ў «Дэтройт».

Заваёўваў Кубак Стэнлі

Разам з легендарным Скоці Боўмэнам.

Разам з легендарным Скоці Боўмэнам.

У іпастасі хакеіста Льюіс не атрымаў гучных тытулаў, але кампенсаваў гэта на трэнерскай ніве. Льюіс тройчы ўздымаў над галавой «Вялікую срэбраную салатніцу», як іншым разам называюць Кубак Стэнлі (1997, 1998, 2002). Ён дапамагаў легендарнаму Скоці Боўмэну ў працы з «Дэтройта». На той час «Чырвоныя Крылы» былі самай рускай камандай НХЛ. За іх гулялі Фяцісаў, Ларыёнаў, Фёдараў, Казлоў і Канстанцінаў. І гэта была надзвычай грозная сіла, якой не маглі даць рады супернікі.

Ужо працаваў са зборнай Беларусі

Калі Уладзімір Крыкуноў нечакана вырашыў адмовіцца ад нацыянальнай зборнай Беларусі на карысць ніжнекамскага «Нафтахіміка», кіраўніцтва нашай федэрацыі хакея звярнулася да старога знаёмага Дэйва Льюіса. Ён ужо працаваў з нашымі хлопцамі на Алімпіядзе-2010 ў канадскім Ванкуверы. Назваць той турнір надта ўдалым для беларусаў язык не паварочваецца, нашы не змаглі выйсці ў чвэрцьфінал, а галоўны трэнер Беларусі Міхаіл Захараў «радаваў» журналістаў і заўзятараў шчырасцямі пра голых фінскіх хакеістак, якія заміналі беларусам засяродзіцца на гульні.

Запрасіў Льюіса ў зборную Беларусі абаронца Руслан Салей, які ў той час якраз выступаў за «Дэтройт», усяго за пару тыдняў да пачатку Алімпіяды. А пасля прайгранай гульні ад Швейцарыі яны разам елі курыныя крылцы ды пілі піва. «У мяне па сёння ў тэлефоне запісаны нумар Салея. Гэта быў цудоўны чалавек. Салей — чалавек з вялікай літары. Колькі б ён ні падаў, усё адно паднімаўся», — казаў Льюіс.

Руслан Салей загінуў у авіякатастрофе ў верасні 2011 года.

Жонка разумее

Фота sb.by.

Фота sb.by.

Ён не крычыць на сваіх падначаленых, узіраецца ў пляцоўку, але ягоныя трапныя заўвагі дапамагаюць хакеістам атрымліваць перамогі. «Мы павінны быць адной сям’ёй», — першае, што сказаў нашых хакеістам канадзец пасля прызначэння.

«Дастаткова паглядзець на Льюіса, каб зразумець, што гэта прафесіянал з вялікай літары», — кажа нападаючы зборнай Андрэй Стась.

«Жонка разумее мяне, — сказаў Льюіс пасля пераезда ў Беларусь. — А вось мой 16-месячны ўнук наўрад ці. Жыццё — непрадказальная штука».

Нейкі перыяд Льюіс папрацаваў памочнікам Глена Хэнлана ў мінскім «Дынама». Вось што ён тады казаў пра Беларусь: «Імаверна, Мінск з’яўляецца самым чыстым горадам у свеце. Людзі тут вельмі ветлівыя. Мне камфортна. Адзіная праблема — моўны бар’ер».

Сваім хобі Льюіс называе гульню ў гольф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?