Традыцыйны летні фестываль, што адбываецца на зялёным лузе каля Мірскага замка, сёлета пройдзе 8-га жніўня. Ужо вядомыя першыя імёны выканаўцаў, якія выступяць на галоўнай сцэне фэсту.
Хэдлайнерам гэтым разам зноў стануць Ніно Катамадзэ & Insight.
«Мы дэталёва прааналізавалі водгукі на леташні фестываль і прыйшлі да высновы, што Ніно у нас любяць і гатовыя слухаць яе зноў і зноў, – тлумачыць сітуацыю галоўны арганазітар фестывалю», Ягор Захарка.
Сёлета Катамадзэ & Insight прэзентуюць асаблівую праграму, бо выступяць у суправаджэнні струннага квартэту «N».
Яшчэ адзін артыст, прыезд якога афіцыйна пацверджаны — гэта ONUKA. Украінскі электра-фолк гурт, які стаў самым яркім і паспяховым адкрыццём на ўкраінскай сцэне ў 2014 годзе. Продажы і рэйтынг іх дэбютнага альбома ў iTunes апярэдзілі гурт «Акіян Эльзы».
Неўзабаве будзе аб’яўлены яшчэ адзін хэдлайнер і іншыя выканаўцы.
Па словах арганізатараў, у гэтым годзе будзе прадугледжана арганізацыя бас-тураў з чатырох гарадоў: Брэста, Гродна, Гомеля і Мінска. Госці з іншых гарадоў змогуць даехаць з Мінска на маршрутных таксі, а таксама на электрычцы. На фестывалі будзе прадугледжаная зона фуд-корта. Арганізатары абяцаюць, што галодным фестываль не пакіне нікога. Застацца на ноч госці змогуць не толькі ў хостэле, міні-гатэлі і адной з трох аграсядзібаў — як і летась, будзе прапанавана спецыяльная тэрыторыя пад намётавы гарадок.
Квіткі на фестываль ад заўтра можна будзе купіць на сайце і ў касах kvitki.by па ўсёй Беларусі. Як паведамляюць арганізатары, толькі заўтра, 8 мая, можна будзе набыць квіток па спецыяльнай цане — 200 тысяч рублёў (далей цана будзе толькі расці).
Больш інфармацыі пра фестываль, а таксама пра шляхі дастаўкі размяшчэння можна знайсці на афіцыйным сайце фестывалю mirummusicfestival.by, а таксама ў афіцыйных суполках фестывалю ў facebook і вконтакте.





