Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) затрымала ў Беластоку траіх чалавек, якіх пракуратура падазрае ў зборы сродкаў на фінансаванне тэрарызму, паведаміў Gazeta.pl прэс-сакратар ABW. Уся тройка арыштаваная на тры месяцы.
Паводле інфармацыі PAP, усе трое затрыманых — чачэнцы. Па неафіцыйнай інфармацыі, грошы збіраліся на фінансаванне «Ісламскай дзяржавы».
ABW і беластоцкая пракуратура даюць сціслыя каментары і не распавядаюць падрабязнасцей затрымання.
З выніковай справаздачы ABW за 2014 год вядома, што агенцтва праводзіць расследаванні ўдзелу грамадзян Польшчы ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Сірыі. Тэрарыстычная пагроза Польшчы, як і ў мінулыя гады, у дакладзе ацэньваецца як нізкая.





