Джым Дынглі. Фота Андрэя Аляксандрава.
Брытанец Джым Дынглі прыехаў у Беларусь на Міжнародны кангрэс беларусістаў, які адбудзецца ў Мінску на гэтым тыдні. У Лондане сп. Дынглі ўваходзіць у склад Апякунскай рады Скарынаўскай бібліятэкі. Пасля смерці яе заснавальніка, а. Аляксандр Надсана, установа страціла кіраўніка. Ці не спыніць бібліятэка сваё шматгадовае існаванне? Адказвае англійскі беларусіст.
«Наша Ніва»: Апошнім часам а. Аляксандр хварэў і не мог займацца справамі бібліятэкі. Хто цяпер ёй апякуецца?
Джым Дынглі: Апякунская рада бярэ ўдзел у яе працы. Амаль 8 гадоў рада не сустракалася. Але ў верасні 2013 я настаяў на такой сустрэчы: я бачыў, што ўжо не пад сілу аднаму а. Аляксандру. І з таго часу мы рэгулярна сустракаемся — апошняя сустрэча адбылася 16 мая. І мы прынялі рашэнне адлічбаваць усю калекцыю дакументаў. Пачынаем з часопісаў. А пасля прыступім да архіваў — гэта грамадная калекцыя скрынак з архіўнымі матэрыяламі. Ніхто не карыстаўся гэтымі матэрыяламі, бо не ведаў, што там. Для працы з архівамі патрэбная экспертная дапамога. Айцец Ігар Лабацэвіч, які цяпер працуе ў Амерыцы, такую дапамогу аказаў: ён нядаўна быў у нас і пакінуў рэкамендацыі для далейшай працы. Дакументы будуць у інтэрнэце ў свабодным доступе.
«НН»: Хто пераняў кіраванне бібліятэкай пасля а. Аляксандра?
ДД: Ніхто персанальна. Няма чалавека, які можа аддаць на гэта ўвесь свой час. І цяпер мы пачынаем працаваць у такім рэжыме: кожную суботу нехта з рады будзе адмыкаць бібліятэку.
«НН»: У астатнія дні ў яе трапіць можна?
ДД: Калі мы ведаем, што нехта прыедзе, можам там быць. Але нам трэба ведаць загадзя.
Шчыра кажучы, ніхто не карыстаецца бібліятэкай, акрамя Арнольда Макміліна.
Адзін з сяброў рады, Ігар Іваноў, хоча, каб бібліятэка была адчынена для прадстаўнікоў беларускай супольнасці ў Лондане. Калі супольнасць гатовая падтрымліваць грашыма… Але пакуль я гэтага не бачу. Магчыма, гэта і будзе з часам.
«НН»: Пытанне не стаіць, што бібліятэка можа спыніць сваё існаванне?
ДД: Не, такога пытання ўжо няма. Існуе Апякунская рада па англійскіх законах. І ніхто не мае права зачыніць без дазволу рады, а мы такога дазволу не дадзім.
«НН»: І калі не стане сродкаў на ўтрыманне?
ДД: Гэта іншае пытанне. Пакуль грошы ёсць. Але самая галоўная праблема — грошы. Я зрабіў калькуляцыю: штогод мы плацім 3—4 тысячы фунтаў толькі для таго, каб будынак стаяў.
«НН»: Ці прыязджаюць сёння з Беларусі даследчыкі ў бібліятэку?
ДД: Было б добра, каб яны маглі прыехаць. Але галоўная праблема — грошы. Мы не можам фінансава іх падтрымліваць.
Мы не так шмат і кніжак, напрыклад, купляем, бо эканомна глядзім на грошы. Але калі людзі гатовыя дарыць кніжкі — калі ласка.
Якія кніжкі мы павінны збіраць, якую тэматыку? Галоўнае — культура, гісторыя. Палітыка? Мо не так важна, бо шмат матэрыялу ў інтэрнэце. Менавіта з-за інтэрнэту бібліятэка сёння і не запатрабаваная, як у 1970-1980-я гады.
***
Дасылаць кнігі ў Скарынаўскую бібліятэку ў Лондан можна на адрас: Francis Skaryna Belarusian Library, 37 Holden Road, London, N12 8HS United Kingdom.