Пляж на Цнянскім вадасховішчы. Фота: minsknews.by
З 1 мая да патрулявання тэрыторыі Цнянскага вадасховішча дадаткова прыцягваюць АМАП, полк ППСМ і ўнутраныя войскі, паведамляе ГУВД Мінгарвыканкама.
Такім чынам міліцыя адрэагавала на адну з прапаноў грамадзян: актыўней прыцягваць да адказнасці людзей, якія распіваюць на Цнянцы спіртныя напоі.
Тэрыторыя вадасховішча падзеленая на шэсць маршрутаў, па якіх патрулі ходзяць з 9 раніцы да 23 вечара. У гэтым годзе ўжо складзена 19 пратаколаў па факце распіцця на Цнянцы спіртных напояў.
Агулам за распіцце ў грамадскіх месцах па ўсім Мінску ў гэтым годзе складзена 2,5 тысячы пратаколаў, вызначаныя месцы канцэнтрацыі непаўналетніх і моладзі.
Таксама прапановы тычыліся прыцягнення да адказнасці гандляроў, што ў Зялёным Лузе прадаюць алкаголь непаўналетнім (складзена 27 пратаколаў), спынення рэалізацыі самагону ў прыватным сектары ў раёне вул. Багдановіча (сканфіскавана 250 літраў), прыцягнення да адказнасці пешаходаў і раварыстаў, што парушаюць правілы дарожнага руху на вул. Якуба Коласа, Лагойскім тракце і вул. Мірашнічэнкі (843 пешаходы прыцягнутыя да адказнасці) і многага іншага.
Напісаць зварот праз інтэрнэт і даведацца пра іншыя спосабы сувязі можна на сайце guvd.gov.by.





