У Мінску адкрылася канферэнцыя «Мінск пасля Рыгі: Форум пра рэформы, або Як Беларусі адаптавацца і развівацца ў новых рэгіянальных кантэкстах». Яе арганізаваў Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, вядомы пад сваёй англійскай абрэвіятурай BISS. Усё гэта адбываецца ў рамках Еўрапейскага дыялогу па мадэрнiзацыi.

Адбываецца форум у мінскім гатэлі «Еўропа», а ён, як нам нядаўна нагадаў прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітры Мірончык, размешчаны на плошчы Свабоды, на скрыжаванні вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай. На сёмым паверсе, з якога відаць Ратуша і саборы.

Адкрывалі форум акадэмічны дырэктар БІССа Аляксей Пікулік і пасол Латвіі ў Беларусі Міхаілс Папкоўс. Латвіі, бо Латвія старшынюе ў Еўрасаюзе. Спадар Папкоўс падвёў вынікі Рыжскага саміта. Сказаў, што ад яго нічога і не чакалі, таму нельга называць яго расчараваннем.

«Мы паважаем выбар краін, якія прынялі рашэнне пра інтэграцыю ў складзе ЕАЭС», — сказаў Папкоўс.

На першай сесіі першым выступіў Вячаслаў Качанаў, начальнік упраўлення замежнапалітычнага аналізу Міністэрства замежных спраў Беларусі.

«Можно споріть с убежденіямі, а не с предубежденіямі, — нагадаў Качанаў. — Змянілася акустыка ў рэгіёне, і многае з таго, што гучала і раней, стала ўспрымацца па-новаму», — падкрэсліў ён. У прыватнасці, ён напомніў, што захаванне шматвектарнага курсу застаецца для Беларусі прыярытэтам. Ён назваў сітуацыю геапалітычнага выбару «небяспечнай». «Беларусь выбудоўвала ўстойлівую і ўзаемавыгадную мадэль супрацоўніцтва з рознымі партнёрамі», — сказаў Качанаў.

«Задача Беларусі — пазбегнуць канкурэнцыі інтэграцый», — адзначыў Качанаў. Ён нагадаў аб праграмным артыкуле Аляксандра Лукашэнкі ў газеце «Ізвестія» (газпромаўскай – дадам ад сябе), дзе гаварылася аб інтэграцыі інтэграцый ЕС і ЕАЭС. Пра тую самую інтэграцыю інтэграцый ад Лісабона да Уладзівастока будзе гаварыць пазней і начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Дзяніс Сідарэнка.

Качанаў сказаў, што Беларусь падтрымлівае ідэю ЕС пра розныя хуткасці і парадак адносін з рознымі суседзямі. «Мы падтрымліваем усё, што скіравана на дыялог», — сфармуляваў ён.

Пасля беларускага дыпламата выступіў часовы павераны ў справах Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінска Рудольф Рышар. Французскі дыпламат зазначыў, што сканчае місію ў краіне. «Можа быць, гэта апошні мой выступ у якасці супрацоўніка прадстаўніцтва Еўракамісіі». Гаварыў ён ясна і дакладна – чарговы раз захапляешся таму, як добра еўрапейскія ўніверсітэты ставяць рытарыку.

«ЕС вельмі зацікаўлены ў паляпшэнні адносін з Беларуссю. ЕС — надзейны і прадказальны партнёр, — сказаў Рышар. — Адносіны лепшаюць паволі, але паслядоўна. Палітыка маленькіх крокаў працуе і спараджае ўстойлівасць, — працягваў ён. — ЕС цэніць пазіцыю Мінска і намаганні, прыкладзеныя тут для ўрэгулявання рэгіянальнага крызісу. Адначасова мы пачулі ад прэзідэнта Лукашэнкі, што, «калі што, то Беларусь заўжды падставіць плячо свайму саюзніку Расіі», — заўважыў Рышар.

Усе пытанні, звязаныя з умяшаннем Расіі ва Украіне, спарадзілі цяжкія пытанні, сказаў Рышар. Што да беларускай пазіцыі, то ён выклікаў смех у зале заўвагай: «Добра быць на скрыжаванні, але доўга сядзець на шпагаце не зусім зручна».

«Ідзе перагляд палітыкі суседства Еўрапейскага Саюза, і цяпер вядуцца кансультацыі з рознымі стэйкхолдарамі, у тым ліку і ў Беларусі», — нагадаў ён.

Вызначаючы пункты судакранання, ён адзначыў, што «ніхто асабліва не верыць, што пазіцыі партнёраў будуць істотна мяняцца. Беларусь не хоча мяняць свой унутраны парадак, а ЕС заснаваны на супольных каштоўнасцях».

Артыкул намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Кірылы Рудага пра рэформы быў успрыняты як знак, сказаў Рышар. «ЕС не мае намеру «захапіць» Беларусь. Гаворка ідзе, каб дапамагчы ўмацаваць суверэнітэт Беларусі», — акцэнтаваў ён.

«Мы верым у грамадзян і грамадства, але гэта не значыць, што мы не верым у дзяржаву, але грамадзянская супольнасць існуе ў якасці будзільніка, рухавіка і фабрыкі ідэй», — нагадаў еўрапейскі дыпламат.

І для заканчэння ён запазычыў фармулёўку з Марціна Лютэра Кінга: I have a dream. Я мару, што калісьці Беларусь стане дэмакратычнай краінай, дзе паважаюцца правы чалавека, сказаў Рышар.

Пасля яго выступаў Фёдар Шэлаў-Кавядзяеў. Ён быў намеснікам міністра замежных спраў Расіі ў 1991—1992, і тады яго дзяўблі камуністы і імперцы. Аднак цяпер ён займае пасаду дырэктара па працы з экспертнай супольнасцю арганізацыі «Расійскі грамадска-палітычны цэнтр», і ягоны выступ гучаў як папулярная рэтрансляцыя пазіцыі МЗС Расіі.

«Тэзіс пра дэмакратыю ў палітыцы ЗША і ЕС — фальшывы арыенцір і шырма для рэалізацыі сваіх карыслівых інтарэсаў», — сказаў Шэлаў-Кавядзяеў. І ўвогуле, нагадаў ён, Еўропа — частка Еўразіі. То можа мы прымем Еўропу ў Еўразійскі саюз? — прапанаваў былы расійскі дыпламат.

Месье Рышар пры гэтых словах апусціў падбароддзе на руку і ўважліва паглядзеў на калегу па сцэне.

Таксама Шэлаў-Кавядзяеў парэкамендаваў не ставіць краіны Усходняй Еўропы ў «сітуацыю выбару або-або». «Праблема Украіны ў тым, што грамадства разарванае ўнутры сябе. І разарванае таму, што была падпісаная Дамова пра асацыяцыю», — даказваў ён.

Далей ён назваў цяперашняе ўкраінскае кіраўніцтва «камсамольцамі, якія душылі ўсё ўкраінскае, а пасля перафарбаваліся».

Сказаў, мае кумы жывуць на трасах з Растова на Данецк і ніякіх перамяшчэнняў тэхнікі не бачылі. Але данское казацтва адрадзілася, кажа, і гэта нельга не ўлічваць. А як жа з гей-шлюбамі, кажа? Гэта ж адкравеннае парушэнне правоў чалавека, плаўна перайшоў ён. 

А наша канферэнцыя называецца «Мінск пасля Рыгі: Форум пра рэформы, або Як Беларусі адаптавацца і развівацца ў новых рэгіянальных кантэкстах», нагадаю.

Беларускі прыдворны палітолаг Юрый Шаўцоў у сваім выступе паўтарыў сваю нядаўнюю ідэю: Беларусь павінна быць стрымліваючым фактарам ад радыкалізацыі Расіі. Чым выклікаў з’едлівае пытанне з залы ад філосафа Андрэя Лаўрухіна: «Гэта як жа?»

У сваю чаргу Ірына Тачыцкая, навуковая дырэктарка Даследчыцкага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджмэнту, расказала пра стан адносін унутры Еўраазіяцкага эканамічнага саюза: «Доля краін ЕАЭС у іх гандлі знізілася пасля падпісання дамовы пра яго». І прывяла звесткі Еўразійскай эканамічнай камісіі. У Расіі з 2010 года да 2014 года яна знізілася з 7,4 да 7,2%. У Казахстана – з 20,7 да 16,5. І толькі ў Беларусі – вырасла з 48,3 у 2010 да 50,3 у 2014. У ЕС 60—65% прыпадае на ўнутрысаюзны гандаль, параўнала яна. На яе думку, палітычная інтэграцыя не мае шанцаў, калі яна настолькі не падмацаваная эканамічнымі інтарэсамі.

У сваю чаргу, Юрыс Пойканс, пасол па асаблівых даручэннях МЗС Латвіі, падкрэсліў, што радыкальныя змены ў адносінах Беларусі і Еўрасаюза можа адбыцца пасля таго, як у нашай краіне не застанецца палітвязняў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?