фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Сёння, 1 чэрвеня, стане вядома імя пераможцы літаратурнай Прэміі імя Ежы Гедройца. Прэмія прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка».

Урачыстасць пройдзе ў «Рэненанс-гатэлі», пачнецца а 19-й гадзіне.

У шорт-ліст увайшлі шэсць кніг (у алфавітным парадку):

1. Таццяна Барысік. Жанчына і леапард. — Мінск: «Кнігазбор»

2. Альгерд Бахарэвіч. Дзеці Аліндаркі. — Мінск: «Галіяфы»

3. Антон Францішак Брыль. Ян Ялмужна. — Мінск: «Кнігазбор»

4. Андрэй Гуцаў. Кніга зданяў. — Мінск: «Кнігазбор»

5. Сяргей Дубавец. Сіні карабель у блакітным моры плыве. — Мінск: «Каўчэг»

6. Віктар Казько. Час збіраць косці. — Мінск: «Кнігазбор».

Журы складаецца з васьмі чалавек: Уладзімір Арлоў, Ігар Бабкоў, Малгажата Бухалік, Адам Глобус, Ганна Кісліцына, Андрэй Федарэнка, Ціхан Чарнякевіч, Ганна Янкута, яны і абвесцяць лаўрэатаў прэміі.

Сёння будзе названа тры шчасліўчыкі: ІІІ месца азначае творчую стыпендыю ў Вентспілсе, ІІ месца — пераклад кнігі на польскую мову або творчая стыпендыя ў Вісбю (Швецыя). І месца — чэк на суму, якую вызначае «Ідэя Банк».

Арганізоўваюць конкурс Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскі інстытут у Мінску; фундатар узнагароды — «Ідэя Банк». 

Папярэднімі лаўрэатамі прэміі Гедройца былі Павел Касцюкевіч («Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту», 2012), Уладзімір Някляеў («Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», 2013), Ігар Бабкоў («Хвілінка. Тры гісторыі», 2014)

Пры канцы мінулага тыдня прэміі ўзнік невялікі скандал. Польская сяброўка журы Маргарыта Бухалік запатрабавала зняць з сайта прэміі рэцэнзію Марыі Мартысевіч на Віктара Казько.

«Кніга была абраная журы прэміі адной з найлепшых кніг года, а гэта азначае, што ацэнкі сяброў журы цалкам разыходзяцца з ацэнкамі спадарыні Мартысевіч. Адмоўная рэцэнзія, змешчаная на афіцыйным сайце прэміі, супярэчыць асноўнай мэце прэміі — прамоцыі менавіта найлепшых кніг. Я лічу, што афіцыйны сайт прэміі павінен набліжаць іх да чытача, а не станавіцца полем змагання і растлумачвання сябрам журы іхніх абавязкаў», — напісала Бухалік у адкрытым лісце, адпраўленым у ПЭН-Цэнтр і СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?