Беата Пшыбытэк. Фота: radiobielsko.pl

Беата Пшыбытэк. Фота: radiobielsko.pl

У суботу, 13 чэрвеня на мінскай плошчы Свабоды пройдзе другі дзень фестывалю «Джазавыя суботы ля Ратушы». Адным з выступоўцаў стане зорка польскага джазу Беата Пшыбытэк. Пра яе распавядае Польскі інстытут у Мінску.

Як праходзіў першы ў гэтым годзе джазавы вечар ФОТА >>>

Паслухаць Беату Пшыбытэк на Soundcloud >>>

Бэата Пшыбытэк – вакалістка, піяністка, кампазітар. Яе голас лічыцца адным з найбольш цікавых сярод джазавых выканаўцаў у Польшчы. Атрымала прэстыжную ўзнагароду ІІІ Праграмы Польскага Радыё імя М. Свянціцкага «Матэуш Труйкі 2013». Стыпендыят Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны РП, а таксама Старшыні Сілезскага Ваяводства ў галіне культуры і мастацтва. Выпускніца, а цяпер педагог Інстытута Джаза Акадэміі музыкі ў г. Катавіцэ. Лаўрэат І месца ў Конкурсе 29-х Міжнародных сустрэч джазавых вакалістаў у г. Замосць. За сваю вакальную кар'еру выдала некалькі альбомаў: «You Don’t Know What Love Is» (2003), «The Island» (2004), «Wonderland» (2006), «I’m Gonna Rock You» (2012) і «Czemuż się dzisiaj weselić nie mamy» (2013). 

Спявачка супрацоўнічала з такімі выбітнымі прадстаўнікамі джазавай сцэны, як Ян Пташын Урублеўскі, Януш Муняк, Яраслаў Смятана, Пётр Вайтасік, Бернард Маселі, Войцех Кароляк і Jazz Band Ball Orchestra.

Бэата была зоркай шматлікіх польскіх і замежных фестываляў, такіх як Jazz Jamboree, Bielska Zadymka Jazzowa, летні джазавы фестываль Піўніцы пад Баранамі, Міжнародныя Глагоўскія джазавыя сустрэчы, Паморская джазавая восень, Jazz Sessions у Глівіцах, Jazz Forum Jazz Festival, Jazz w Lesie, Baszta Jazz Festiwal, Podlasie Jazz Festival, Свідніцкія джазавыя ночы, Джаз на канапе ў Алесніцы, Закапанская джазавая вясна, Legnica Jazz Days, Jazz En Nord Jazz Festival — Францыя, Sibiu Jazz Festival, Ploiesti Hot Jazz Summit – Румынія, International Jazz Piestany – Славакія і г.д. Яе сустракалі з авацыямі ў Польшчы, Аўстрыі, Бельгіі, Швецыі, Германіі, Францыі, Румыніі, Славакіі.

«На мой погляд, ад часоў Уршулі Дудзяк не было ў Польшчы настолькі выразнай і экспрэсіўнай джазавай спявачкі, — пісаў Анджэй Хайнацкі ў часопісе «Jazz Forum». — Акрамя таго, стыль і адценні голасу, якія прэзентуе Бэата, так характэрныя для негрыцянскіх вакалістак, выдатна адрозніваюць яе сярод польскіх джазавых вакалістак».

«Сапраўды незвычайны голас. Нізкі і моцны, экспрэсіўны, з хрыплаватай «чорнай» барвай, — апісваў спявачку Адам Паправа ў газеце «Tygodnik Powszechny». Шырокім дыяпазонам сваіх натуральных вакальных магчымасцей Бэата Пшыбытэк аперыруе разнастайна і прадумана. У выніку – джазавае выкананне найвышэйшай пробы».

***

Праз тыдзень, 20 чэрвеня на апошнім у гэтым годзе джазавым вечары разам з Apple Tea зграе «ікона брытанскага джазу» паводле версіі Time — саксафаніст Дэніс Баптыст. Пачатак а 8-й гадзіне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна