Рэдактар «Хартыі-97» Наталля Радзіна распавяла на Facebook цікавы факт.

«Патэлефанавала толькі што з варшаўскага тэлефона тром беларускім праваабаронцам — Алесю Бяляцкаму, Гары Паганяйлу і Валянціну Стэфановічу, — распавядае Радзіна. — У трох выпадках трубку брала адна і тая ж жанчына, казала «вядома, пачакайце, зараз паклічу» і … цішыня. Урэшце я спытала, хто яна — сказала, што Ліля і паклала трубку. Што гэта за калектыўная Ліля і ў якім яна званні?»

У каментарах да запісу некалькі чалавек пазналі «бабу Лілю»: пры выкарыстанні недарагіх тэлефанаванняў за мяжу праз сістэму IP-тэлефаніі зламыснікі нярэдка перахопліваюць сігнал, перанакіроўваюць яго на платны нумар і намагаюцца як найдолей трымаць абанента на лініі. Часам такое здаралася і ў роўмінгу.

Беларускія спецыялісты ААЦ змагаюцца з такімі схемамі перахопу трафіку, а таксама з нядаўняга часу блакуюць «шэрыя» сэрвісы IP-тэлефаніі.

Беларускія правайдары прапануюць легальныя сэрвісы IP-тэлефаніі (напрыклад, «Максіфон» у «Белтэлекама», IP-тэлефанія для офісу ў «Атлант-Тэлекам»). Тэлефанаванні праз інтэрнэт на стацыянарныя і мабільныя тэлефоны прапануюць і папулярныя сэрвісы накшталт Skype і Viber (Мінсувязі гэта не падабаецца).

У выпадку, калі замест пажаданага абанента вам адказвае падобная «Баба Ліля», варта кінуць спробы дазваніцца, паведаміць аб праблеме аператару альбо правайдару паслуг і паспрабаваць скарыстацца іншым сэрвісам для сувязі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?