Былы прыёмны сын Ірыны Моцнай з Клімавічаў, 17-гадовы Аляксандр Пугачоў, быў знойдзены павешаным у пакоі інтэрната ў Мінску.

Інфармацыю пра смерць пацвердзіла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова. Паводле яе слоў, юнак быў знойдзены 7 чэрвеня павешаным у пакоі інтэрната, у якім ён жыў, навучаючыся ў адной са сталічных сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

«У ходзе першапачатковых праверачных мерапрыемстваў следства прыйшло да высновы, што гэта суіцыд», — паведаміла Ганчарова. У цяперашні час упраўленне Следчага камітэта Мінска працягвае праверку.

Як паведаміла жыхарка Клімавіцкага раёна Алена Марчанка, малады чалавек быў пахаваны 10 чэрвеня ў роднай вёсцы Ціманава.

Справа прыёмнай сям'і Ірыны Моцнай набыла вялікі грамадскі рэзананс у мінулым годзе, калі Клімавіцкі райвыканкам пазбавіў жанчыну права апекі над прыёмнымі дзецьмі. Гэта адбылося пасля самагубства яе мужа Віктара, які быў знойдзены павешаным 6 чэрвеня 2014 года ў Мінску ў час наведвання прыёмнай дачкі, якая там навучаецца.

25 ліпеня Моцная была затрыманая міліцыяй. Разам з ёй з ужываннем гвалту быў затрыманы яе родны 19-гадовы сын Віталь, на якога надзелі кайданкі. Прыёмных дзяцей даставілі ў дзіцячы дом. Жанчына не пагадзілася з такім рашэннем уладаў, звярталася ў розныя інстанцыі з просьбай дазволіць і далей выхоўваць семярых дзяцей.

У канцы жніўня органы следства ў Клімавічах распачалі справу ў дачыненні да Моцнай па арт. 176 КК (злоўжыванне правамі апекуна або папячыцеля). Пасля справа папоўнілася яшчэ двума складамі, прадугледжанымі ч. 2 арт. 154 (катаванне, здзейсненае ў дачыненні да непаўналетняга) і ч. 1 арт. 183 (абмежаванне асабістай свабоды чалавека) КК. У снежні 2014 суд у Клімавічах прызнаў былую прыёмную маці Ірыну Моцную вінаватай у злоўжыванні правамі апекуна (папячыцеля) і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Суд праходзіў за зачыненымі дзвярыма. 5 сакавіка Магілёўскі абласны суд адхіліў скаргу Моцнай на прысуд. У 2014 годзе Моцная таксама была прызнана вінаватай у адміністрацыйным правапарушэнні (самаўпраўстве) і аштрафаваная на 750 тысяч рублёў.

Моцная, якая цяпер знаходзіцца ў месцах зняволення, раней заяўляла, што ўсе дзеянні супраць яе з'яўляюцца помстай мясцовых чыноўнікаў за тое, што яна звярталася са скаргамі ў вышэйшыя інстанцыі. Пра гэта яна паведаміла ў адкрытым лісце на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Прыёмная сям'я Моцных была створаная ў 2002 годзе першай у Клімавіцкім раёне. На працягу дзесяці гадоў яна лічылася адной з найлепшых. Пасля ўсіх перыпетый Моцныя з'ехалі ў іншую вобласць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?