Начальнік мінскай міліцыі генерал-маёр Аляксандр Барсукоў асабіста прадухіліў выкраданне барсеткі з грашамі, банкаўскімі карткамі, асабістымі дакументамі ў забыўчывага мінчаніна. Гісторыя аб гэтым размешчана сёння на сайце ГУУС Мінгарвыканкама.
guvd.gov.by
Барсетку мужчына забыўся ў гандлёвай цялежцы каля гіпермаркета, калі перагружаў пакупкі ў машыну.
Праз некаторы час пасля яго ад'езду на адно з суседніх месцаў прыпаркаваўся Барсукоў. Ён чакаў у машыне сваіх пасажыраў, не звяртаючы асаблівай увагі на пакінутыя побач цялежкі.
Затое на іх звярнуў увагу нейкі чалавек, які праходзіў міма. Мужчына схапіў барсетку, схаваў яе за пазуху і кінуўся ўцякаць, чым выклікаў падазрэнне.
Затрымаць выкрадальніка Барсукову ўдалося за межамі стаянкі.
На пытанне пра барсетку і яе змесціва зразумелага адказу начальнік ГУУС не атрымаў. Ён звязаўся з дзяжурнай часцю, каб на месца прыслалі найбліжэйшы міліцэйскі нарад.
Пра забытую ж у магазіннай цялежцы барсетку яе ўладальнік даведаўся толькі ад аператыўнага дзяжурнага Фрунзенскага РУУС, які пазваніў яму і расказаў, што вяртанню страты пасадзейнічаў менавіта начальнік мінскай міліцыі. Выказаць удзячнасць Барсукову мінчанін прыходзіў у ГУУС.





