Андрусь Горват перад пераездам з Мінска ў Прудок.

Андрусь Горват перад пераездам з Мінска ў Прудок.

Вёска, куды вярнуўся Андрусь Горват, называецца Прудок. Гэта ў глушы Палесся, каля мяжы з Украінай, 300 км на поўдзень ад Мінска. У Прудку жыве каля 150 чалавек. Найбліжэйшы ад яе горад — Хойнiкi. Калi ведаеце знакамiтыя вёскi Юравiчы, Аўцюкi цi Каранёўку («Людзi на балоце» Мележа) — гэта побач.

Зарабляе Андрусь Горват фрылансам. Акрамя таго, з верасня ён мае пайсці настаўнiкам у Юравiцкую школу. «Хацеў беларускай мовы, але бяруць гісторыкам))», — піша ён. Разлічвае ён і мець прыбытак са свайго вялікага агарода.

Прапануем Вашай увазе запісы і фоты з ягонага вэб-дзённіка. 

Андрусь Горват (на фота вылучаны яркасцю) у Мінску да пераезда ў вёску. У сталіцы Горват працаваў журналістам і, адначасова, дворнікам тэатра імя Янкі Купалы.

Андрусь Горват (на фота вылучаны яркасцю) у Мінску да пераезда ў вёску. У сталіцы Горват працаваў журналістам і, адначасова, дворнікам тэатра імя Янкі Купалы.

18 чэрвеня 2014

У 1931 годзе майго прадзеда Андрэя выслалі з яго роднай вёскі ў далёкую Пермскую вобласць на руднікі. Праз два гады ён збег і вярнуўся назад. Яго хату ўжо прыстасавалі пад сельскую школу, таму ён тры гады бадзяўся па суседзях са сваёю сям'ёю. Бадзяўся-бадзяўся, зноў стаў заможным, яго зноў раскулачылі і зноў выслалі — ужо ў Свярдлоўскую вобласць. Болей ён не вярнуўся. Памёр няведама дзе і калі. Аднак вярнуўся яго сын, мой дзед. У тую ж вёску. І пабудаваў там дом. У гэтым доме нарадзіўся мой тата. Сёння гэты дом паціху разбураецца. І я зразумеў, што мушу зрабіць тое, што не здолеў мой прадзед, — вярнуцца дадому.

Пакуль мае родзічы актыўна вырашаюць, як перааформіць дом дзеда на мяне, запісвайце адрас: Каленкавіцкі раён, вёска Прудок. Неўзабаве (праз восем месяцаў) я туды з'еду назаўсёды, там пастарэю, памру і буду пахаваны на мясцовых могілках. Вядома дзе і вядома калі.

Там лес амаль дакранаецца да хаты.

18 чэрвеня 2014

Маша [я пераеду менавіта праз 8 месяцаў], бо праз 8 месяцаў пачнецца вясна)

21 чэрвеня 2014

З сёння ў мяне ёсць свой дом.

29 чэрвеня 2014

Сёння Варвара мяне панюхала і сказала, што я пахну домам, грыбамі, электрычным святлом і паперай. Вядома, я не пахну ўсім гэтым, але як добра яна мяне адчувае. Як добра яна адчувае людзей увогуле.

19 ліпеня 2014

Мая хата з краю.

15 кастрычніка 2014

Ездзіў я да адной сваёй бабулькі, якая жыве ў 4 км ад маёй хаты, у вёсцы Боруск. Якая ж асалода слухаць яе гаворку. Нават крыўдна робіцца, што я ўвесь такі адукаваны і не ўмею размаўляць па-ейнаму. Але гены пальцам не раздушыш — узгадваюцца родныя палескія словы, расцякаюцца па сэрцы маслам: етака, чагойліся, кажны, лісянкі, роскідуўся, куплеюць, попрыезджэюць.

Дак пра штэ ента я? Во цэта ж было б харашэ навучыцца размоўляць па-тутэйшаму. Прыеду такі свой ушчэнт, паздароўкаюся з бабай Гашай. А яна мне ска': «Вой, Андрушка, 'шчэ болей схуднеў. Хіба ж ніхто не давоў есці? Пойшлі міску крышанёў дом».

15 студзеня 2015

З першага верасня [праз восем месяцаў] я пачну працаваць настаўнікам у сельскай школе.

Я ў дзяцінстве марыў пра гэта — стаць сельскім настаўнікам, але стаў журналістам. І тут раптам. Ужо цяпер вельмі хвалююся — гэта ж такая адказнасць. Сёння нават уяўляў сваіх будучых вучняў, папрасіў іх называць мяне спадаром Андрусём.

26 студзеня

Ноччу сасніў Ганну Чарнушку з «Людзей на балоце».

У сне мы цалаваліся, Ганна нават паказала калена. А вы кажаце, Эван Рэйчал Вуд. Калена Чарнушкі — во сапраўдны беларускі эратычны сон.

7 лютага

Праз адзін мільён восемсот чатырнаццаць тысяч чатырыста секундаў я буду дома.

А ўчора загадчыца гаспадаркі падпісала маю заяву на звальненне. Куля земная нахіляецца ў бок вясны.

20 лютага

У мяне засталіся тры апошнія дні. 114 пакой — яшчэ тры дні мой пакой. А потым вазьму з сабой тэрмас, сяду ля фантана, буду піць гарбату ў 7 раніцы і назіраць. Абавязкова так зраблю.

Крыху падумаў і вырашыў замест гарбаты ўзяць каньяк.

***

Збіраю рэчы. Знайшоў свой дзіцячы вершык: 

«Справа пижама. 
Слева кровать. 
На кухне ножами 
Орудует мать».

24 лютага

У летапісах Купалаўскага тэатра цяпер два Горваты. Першы — трынаццаціюрадны брат майго прадзеда, маршалак шляхты Мінскай губерніі Атон Горват, які ахвяраваў 50 рублёў на будаўніцтва тэатра. І я, які сыграў ролю дворніка ў рэалістычнай працяглай дзеі. Ключ ад грымёркі здадзены, пячатка пастаўлена. Без авацый, без кветак і падзякаў, ціха, лёгка, незаўважна перацякаю ў новую ёмістасць. З галоўным набытым уменнем не саромецца рабіць простыя рэчы.

А таксама нагадваю, што заўтра ў 7.00 адбудзецца ўрачысты алкаранішнік ля фантана і агледзіны новага дворніка. Усе ахвочыя могуць далучыцца.

25 лютага

Купалаўскі алкаранішнік вачыма алкаранішнікаўца Арцёма Багаслаўскага.

Андрусь Горват перад пераездам з Мінска ў Прудок.

Андрусь Горват перад пераездам з Мінска ў Прудок.

26 лютага

Вельмі добра памятаю пачатак свайго сталічнага жыцця. Я называў кока-колу сокам, модна апранаўся на Жданах, вазіў з дому закаткі. Потым хутка пасталеў, стаў апранацца на Дынама, называць кока-колу «напітком», навучыўся казаць: «Мама, не нужны мне эті закаткі, что я буду с німі тягаться». 

Я аніколькі не шкадую, што засталіся толькі дзве ночы пад мінскім небам. Гэта вельмі каштоўнае ўменне — без болю пакідаць месцы і людзей. Бо самае галоўнае ж застанецца, нікуды не дзенецца. 

А папраўдзе, я проста сябе падбадзёрваю.

6 сакавіка

5 сакавіка я перанёс з каморы на гарышча 50 сонных матылькоў.

Яны ледзьве варухнулі кволымі крыламі, паглядзелі на мяне заспанымі вачыма — і зноў траплялі ў абдымкі матыльковага Марфея. Цяпер на маім гарышчы жывуць маленькія сонныя каморнікі.

9 сакавіка

Караблік, маміны бацькі і сэлфі. 

Цяперака ў мяне ёсць шапка-гандонка і польскі швэдар, куплёны ў 90-я (я тады брату напісаў ліст у войска: «Цёця Катя прывязла нянашы світар із Польшчы»). У нас тут так модна. Я модны) 

Прывітанне.

10 сакавіка

Сяджу ў яблыневым садзе, пяе птушка, лётае пчала, брэша сабака, гудзе трактар. На руках і ботах глiна.

За лесам Україна.

За кароўнікам Мінск.

Вёска. Лета.

12 сакавіка

З'ездзiў у Юравiчы. Там жылi людзi 25 тысяч гадоў да нашай эры. Рабiлi хаткi з костак мамантаў. Тады ў Юравiчах не было сельсавета. I тыя людзi не прапiсалiся i з'ехалi. А вось я прапiсаўся. З сёння я афiцыйна тутэйшы вясковец. Перадайце ў Цэнтр: урбанiзацыя адмяняецца.

16 сакавіка

Еду ў цягнiку з Гароднi. На верхняй палiцы 120-кiлаграмовы мужык. Палiца раз не вытрымала, сарвалася, пакуль я хадзiў да ветру. Яе адрамантавалi. Мужык спiць. Я малюся.

18 сакавіка

Прыехаў у Мiнск. Першае ўражанне — чысценька, як i па тэлевiзары.

19 сакавіка

''Паляшук, прыйшоўшы на белы свет, жыццё пачынае ў сасновай калысцы, цэлае жыццё жывучы ў сасновай хаце, абаграванай і асветленай сасной, спіць, адпачывае і есць на сасновай мэблі. У вольны ад працы час слухае гукі, узмоцненыя слаямі сасновага дэка скрыпкі, а адыходзячы на вечны адпачынак ад зямных турбот, забірае з сабой чатыры сасновыя дошкі ў выглядзе дамавіны''.

Часлаў Пяткевіч / Рэчыцкае Палессе

20 сакавіка

Пасля расiйскага тэлебачання хочацца каго-небудзь застрэліць, а потым памыцца і нажэрціся канопляў. І справа не ў змесце, а ў агрэсii, з якой ядуць мазгi. А беларускае тэлебачанне мяне супакойвае. Такiя чырвонашчокiя гомельскія чыноўнiкi — тармазнутыя i хiтраватыя — проста бусенькі мімімішныя.

Гэта я да бацькоў прыехаў. Калі я выкіну іх тэлевізар, мяне не зразумеюць )

21 сакавіка

Сёння будзе мая першая сапраўдная ноч у сваёй хаце.

23 сакавіка

Кот, прывезены Андрусём з сабой з Мінска, упершыню залез на гарышча.

Кот, прывезены Андрусём з сабой з Мінска, упершыню залез на гарышча.

25 сакавіка

Іду па Прудку з малаком, а сабака: ''Ррррр''. А гаспадар яму: ''Няможна, свае''. У мяне ажно спіна выпрасталася — так прыемна быць сваiм.

26 сакавіка

Вычышчаю пограб, выкапаў калонію жукоў. 

Яны мне:

— Якой халеры! Выключы святло!

Я ім:

— Пад'ём! Вясна!

— Трасца табе ў с*аку! Дай паспаць.

— Спіце на вуліцы. Гэта мая хата.

— Чагоооо?! Навалач сталічная, шкындзёхай адсель. Мы тут нарадзіліся. Хата наша.

А вы кажаце: Як ты там будзеш адзiн? А я кажу: у iнтравертаў няма часу на адзіноту — зашмат усяго адбываецца навокал. А будзе сумна, пафарбую зялёнкай лямпачкі.

27 сакавіка

Сёння зноў быў у Мінску. Усе людзі памытыя. Гэта ўражвае.

1 красавіка

2 красавіка

Крапіва. Мой ранішні эліксір несмяротнасці. Выпіў — і да вечара несмяротны )

А па праўдзе, адчуванне, што ўнутры ўключаецца генератар. Адразу хочацца перацягнуць цаглінкі ці выкарчаваць стары пень.

3 красавіка

1. У мяне 20 саджанцаў вішні. Заўтра яны стануць садам. Не разумею, чаму я 15 гадоў жыў у Менску. 2. Нарэшце я пазбавіўся ад курэння. Не разумею, чаму я 15 гадоў курыў.

4 красавіка

Рома — парань гарадской. Ноччу — вясковыя дзеўкі. Днём спіць у маім ложку.

***

Электраабагравальнік зноў сапсаваўся, 3G-мадэм не працуе, малако не кісне. У каморы, дзе я сплю, пакуль што +8. Урааааа, прыгоды!

5 красавіка

Навіна пра тое, што ў Прудок прыехаў жыць сталічны журналіст, абляцела ўсю вёску. Але недзе плётку перабрахалі і кажуць, што прыехаў пісьменнік.

6 красавіка

7 красавіка

Мой дзень пачаўся з грукату ў дзверы, калі я яшчэ ляжаў у ложку.

Трохі праз нечаканасць, трохі праз урачыстасць выгляд я меў занепакоены, але прывесці сябе ў парадак часу не было, бо той, хто грукаў у дзверы, мог падумаць, што я яшчэ сплю (папраўдзе, так і было), а мне не хацелася б, каб мясцовыя даведаліся, што я сплю ў восем раніцы. Жанчына на ганку пабачыла тое, што пабачыла: памятага барадатага мужыка са спужанымі вачыма.

— Я табе бульбу прывезла, — яна працягнула мне пакет з бульбай. — Баршчы ясі? У мяне борш ё закатаны. І яйцы вечарам прывязу. А жыр нада?

Я спрабаваў складна адказваць, але выходзіла не вельмі. У галаве лунала думка: «Галоўнае, каб яна не падумала, што я з бадуна».

8 красавіка

Суседка адключыла мяне ад электрычнасці (засцала, што яе хата згарыць праз мяне). Я купіў у краме свечку, сшытак і асадку.

Яшчэ ёсць кніжкі і трохі зарадкі на тэлефоне, адкуль і пішу. І ведаеце што, так крута! Так проста. Так зразумела ўсё. Ежа — гэта вогнішча. Свет — гэта агонь. Тэкст — гэта папера.

12 красавіка

Сёння ўваскрос Хрыстос. Хрыстос уваскрос!

13 красавіка

Мая бабуля казала, што па пятніцах наперададні вялікіх царкоўных святаў трэба пакідаць куццю на стале для продкаў. Але бабуля не ведала, калі тыя святы, і пакідала куццю штопятніцу. Маці толькі што расказала, а мне няма куды запісаць. А я мушу запісаць, каб мой унутраны нерэалізаваны этнограф супакоіўся.

15 красавіка

Мы з Ромам у чаканні самага важнага дыялогу з маім стрыечным братам-гаўнюком [адносна правоў уласнасці на хату] (дзякуй Богу, што ён, як кажуць палякі, мой цётачны брат, то бок не майго прозвішча). З партрэтам дзеда паразмаўляў, з унутраным псіхатэрапеўтам паразмаўляў, з жывымі Горватамі паразмаўляў. За намі — праўда і Сталінград-Грунвальд. Пастаўлена мэта — знайсці ў закрамах цела брата Шурыка адэкватную малекулу і запэўніць яе мірнымі метадамі, што Прудокнаш. Калі малекулу не знайду, скажу так: ''Вон из Прудка. Сюда я больше не ездок. Бегу, не оглянусь, пойду искать по свету, где оскорбленному есть чувству уголок. Карету мне. Карету!''. Але гэта жарт. Насамрэч, я хвалююся. Дыпламатычны талент Лукашэнкі, явіся мне (паўтарыць тры разы).

Абн. Адэкватную малекулу ў целе брата знайшоў. Малекула будзе думаць да Радуніцы. 5—6 дзён я вішу ў паветры, усміхаюся і любуюся вясеннім сусветам.

* * *

''Рухаючыся праз Мінск, Мазыр, Нароўлю ў Чарнобыль, мы амаль увесь час ішлі лясамі. Каля Нароўлі мы праходзілі па такіх мясцінах у першабытных лясах, дзе нейкую вёсачку ці ліхую карчомку можна было ўбачыць толькі праз некалькі міляў адна ад адной. Жыхары гэтых малых паселішчаў былі такімі палахлівымі, што перад нашым набліжэннем з жонкамі і дзецьмі хаваліся ў лясах, а мы натыкаліся на пустыя сялібы. І толькі пазней, прывабленыя нашымі падарункамі, а канкрэтна гарэлкай, асобныя з іх вярталіся дадому''

''Дзённік генерала Яна Вейсенгофа'', 1790

17 красавіка

Мая маці вучыць Варвару чытаць: Ч + Ы = ЧЫ. Гэта крута — мець сапраўдную беларускую бабулю.

18 красавіка

А вам вядома пра традыцыю падпальваць цыгарэту і класці на магілу памерламу курцу? Мой дзядзька зараз так ''курыць''. Учора да яго прыязджалі мае сёстры, прывезлі пакурыць.

19 красавіка

У скарбонку беларускай лаянкі: «Маць яго дыхала!» (націск на «ы») Перакладаецца як: ён такі і гэткі, але няхай робіць што хоча, я больш умешвацца не буду.

21 красавіка

Мой прадзед казаў: ''Трэба есці так, каб на жываце можна было вош забіць''.

* * *

Паведамленне з лініі фронту (для тых, хто ў тэме): Прудокнаш.

22 красавіка

Маша цікавіцца, чаму я не жыву ў Варшаве, а я сёння пасадзіў буракі, моркву, рэдзьку, цыбулю, часнок, кроп, пятрушку. Зараз пайду па лазу, каб сплесці кошык. Вось чаму, Маша.

23 красавіка

У Калінкавічах дзеўкі ў кароткіх спадніцах і высокіх ботах. Напэўна, такіх мела на ўвазе прудкаўская бабка, калі перасцерагала мяне ад жонкі-лацугі.

24 красавіка

У мяне зноў расце барада. Не наўмысна яе рашчу, проста няма ўмоваў галіцца, дый у люстэрка сябе бачу, толькі калі прыязджаю да цеткі ў Калінкавічы (опа, а я зноў барадаты). Тутэйшыя сёння сказалі, што я выглядаю, як святар. Параілі павесіць на дах хаты крыж, а ў хаце — абраз. Людзі будуць прыходзіць маліцца. Абраз у мяне ўжо есць. Мая бабця прыцягнула з Пскова.

25 красавіка

Колісь ліштвы вокнаў аздаблялі сімваламі сонца, каб у хату не трапіла штосьці цёмнае і злое. Гэта ніякая не навіна, нават самы лянівы этнограф пра гэта ведае. Але чытаць пра тое ў кнігах не тое самае, што ламаць сабе галаву: а вось мой дзед, калі выразаў сонейкі, хацеў абараніць хату ад цёмнага і злога ці проста аздобіў вокны традыцыйнымі сімваламі без усведамлення іх значэння.

26 красавіка

Штораніцу ў 7:40 ля маей хаты на ровары праязджае маладая жанчынка. Штораніцу яна гучна крычыць: «Добрае утра!»

З гэтага ўтварылася традыцыя. Я мушу паспець прачнуцца, прыбраць ложак, пакарміць Ромку, распаліць вогнішча, прыгатаваць каву і сесці на ганак. Яна мусіць здалек пабачыць мяне, пад'ехаць бліжэй і гучна вымавіць: «Добрае утра!» Тады будзе добры дзень. Сёння будзе добры дзень.

28 красавіка

Сублімую сэксуальную энэргію ў пасеў гародніны.

І будзе ў мяне восенню сэксуальны ўраджай. Вельмі-вельмі-вельмі шмат.

29 красавіка

Учора быў у Боруску. Дзядзька-паляўнічы сказаў, што адчувае пах дыму і што вецер нехарошы. Я нічога не адчуваў. Ён мне ўвесь час: Ну вось, вось зараз панюхай. Вечарам прачытаў пра пажар ля Чарнобыля. Раніцай не ўбачыў свайго лесу — ён стаў сівым ад дыму. Праз гэты дым немагчыма дыхаць. Я спачуваю суседнім Хойнікам — яны так блізенька дыхаюць гадасцю.

* * *

Ромка спаймаў першую мыш і робіць намаганне расказаць мне, што яму падабаюцца мышы і што я мушу менавіта такую ежу купляць яму ў краме. Я таксама люблю мышэй, але жывых, таму раблю выгляд, што нічога не разумею. ''Гэта твая прырода, — кажу. — Калі-небудзь і цябе з'ядуць''.

3 мая

Ромка знайшоў сабе чорную котку. Ужо тыдзень начуе ў яе, дадому прыходзіць толькі падсілкавацца.

— Што, палюбоўніца не накарміла? — кажу. — Ты зразумей, Ромка, яна возьме ўсё, што ёй трэба, а потым зробіць выгляд, што і не ведае цябе. Трэба, як я, будаваць хату і дбаць пра пограб, каб на зіму было куды бульбу пакласці. А дзеўкі выціснуць з цябе сокі ды знойдуць сабе новага — маладога ды энэргічнага.

— Каў. Каў.

— Паеў бы хоць, пане Каханку.

— Каў. 

Ледзьве жывы, але пайшоў мой дурань да сваей брунеткі. А я тварог раблю і думаю.

5 мая

Так выглядае мая будучая льняная вышываная кашуля.

* * *

У мяне актывізаваўся нейкі паляшуцкі ген, які штодня па 24 гадзіны нудзіць: што яшчэ пасеяць? Зямля прападае. Што яшчэ пасеяць?

Купіць карову. Купіць казу. Не, лепей дзве каровы. І казу. Тры. І трактар. І зямлі яшчэ.

* * *

Пасадзіў 333 сланечнікі. Зімой прыеду ў Мінск ля метро семкі прадаваць.

6 мая

Келіх святла.

7 мая

Мой першынец — Гарох Андрэевіч. Ён такі малы, а я хаджу і ўсміхаюся.

9 мая

Абама прыжаў Меркель, і яна не можа прыехаць у Маскву паздравіць Пуціна.

У цягніку кажуць палескія бабулі. Нашто мне тэлевізар — я ўсё ведаю і так.

10 мая

Да маіх бацькоў прыехалі госці з Расіі. І я тут гасцюю з Варварай. Дай мне, Божа, цярпення.

Мяне не так расійцы турбуюць, як каша ў галовах палешукоў. І маіх бацькоў у тым ліку.

Я не агітую русафобію. Але мая тонкая душэўная арганізацыя псуецца ад украіна- і амерыкафобій. Вярнуся дадому, нап'юся крапівы.

11 мая

На Палессі маленькія кусачыя мошкі называюць маскалямі. Вось так мова захоўвае памяць пра колішнія падзеі.

14 мая

А ў мяне лён павылазіў з зямлі. Гэта нешта такое сакральнае беларускае. Кожны мусіць пасадзіць лён, каб адчуць урачыстасць моманту:) Ён, дарэчы, добра расце на нашай зямлі.

* * *

У пошуках бабулі, якая можа вышыць вышыванку, тэлефаную сваёй маці.

— Ма, — кажу, — а мо ты ведаеш такую?

— Ведаю, — адказвае. — гэта я.

Заслона. Тое ды сёе, высветлілася, што яе бацька (то бок мой дзед) быў апошнім вясковым майстрам, хто рабіў пасталы (лапці па-нашаму). А ўсё з-за таго, што хросная баба маёй маці (баба, якая пераразала ёй пупавіну, бо маці нараджалася дома) вельмі любіла насіць пасталы, апошняя ў вёсцы, і мой дзед рабіў іх ей да самой смерці.

«І я пару разоў пастолікі насіла», — кажа маці. А яе дзед (мой прадзед) апошні ў вёсцы насіў нацыянальны строй.

«Не запраўляў у штаны, а паверх іх, і падпаясваўся, а я арнаменты вышывала знізу, на каўнеры, на грудзях і на манжэтах. А дзед надзяваў, і ганарысты такі хадзіў па вёсцы».

Вось так нечакана замовіў я ў сваёй маці вышыванку «як мой прадзед любіў».

Самае дзіўнае, што я дагэтуль традыцыйную культуры ўспрымаў неяк звонку. Нейкія там беларусы на фотакартках Ісака Сербава. Нейкія там строі. Нейкія там арнаменты. А тут — тыдыдж — мая маці ў пасталах хадзіла і майму прадзеду кашулю вышывала. «Мо ты, — кажу, — якія кветкі вышывала?» — «Не, дзед любіў арнаменты чырвонымі ніткамі, як на ручніках».

Той момент, калі разумееш, што твая сям'я - частка гісторыі. Таго боку гісторыі, якім ганарышся. І становіцца вельмі страшна ад думкі, што ты [пакуль] не трапіў у гэтую гісторыю, застаўся за яе межамі, не там, дзе прадзед.

26 мая

У Калінкавічах дагэтуль прынята хадзіць па вуліцы з музыкай. Раней шпана цягала з сабой магнітолы на батарэйках. Сёння — мабільныя тэлефоны.

Тэлефона не бачна, таму ідзе такі хлопец — музычная скарбонка — а з яго льецца блатняк. А сёння мне пашчасціла ўбачыць калінкавіцкую бабулю, з глыбіні якой цурчыць акардэон.

* * *

Меў кароткую гутарку са стрыечным братам Шурыкам. Ён працуе ў школе. Не настаўнікам, а так, нейкім падсобным. І дзякуй Богу, што так, бо ад яго разважанняў мне паплахела.

Аказваецца, сёлета ў праграме ажно па тры ўрокі беларускай мовы штотыдзень, як і рускай, а гэта «безабразіе».

— Чаму так? — пытаюся. — Добра ж, што дзеці вучаць родную мову.

— Ты міня не агіціруй. Я протіф всех этіх нацыаналізацый. Мы часть рускай культуры, і нікуда ат этава не дзенемся. Нацыаналізаціі все эті ваші прыводзяць да таго, што в Украіне — да настаяшчага фашызму. Мы с Расіяй, а не з Амерыкай.

— А причем тут Америка? Сваю мову ж трэба ведаць.

— Не нада. Дзеці і так у дзярэвні растуць, ім нада выправляць рэч.

Ён проста кавалак гліны, з якога расійскае тэлебачанне зляпіла тое, што маем. Шурык — харошы хлопец, працавіты. Нават не п’е, жывучы ў вёсцы. Любіць сваіх дзетак, вельмі пяшчотны з жонкай. Яго маці, мая цётка, даўно памёрла. Ён тады падлеткам быў. Шурык рана спазнаў даросласць, стаў надзейным і трывалым мужчынам. І тут на табе — такая філасофія. Земляка Мележа ў топку, бо беларуская мова вядзе да «настаяшчага фашызму». А песню бабы Ганны, якую яна спявала ў Германіі на чужбіне, тэрмінова перакласці на рускую мову.

Ладна, пакрысе разбяромся.

27 мая

Клёва, калі інтэрнэт проста ёсць. Не трэба бегаць з ноўтбукам па хаце ў пошуках адзінай маленькай хвалькі. Не трэба збіраць часткі мадэма, разбітага аб сцяну (бо я псіх). Velcom — гэта ўсё ж такі не задрыпаны МТС (дзе забраць ганарар за рэкламу?). 

30 мая

Альбо беларусы такія цярплівыя таму, што шмат стагоддзяў запар вырошчвалі і палолі лён, альбо беларусы шмат стагоддзяў запар вырошчвалі і палолі лён таму, што такія цярплівыя.

Мае харвацкія гены глядзяць на граду і думаюць, што працы прынамсі на год, мае беларускія гены цярпліва полюць.

2 чэрвеня

Не ведаю, што сення зрабілі вы, я дык зрабіў нейкую херню. Сяджу, гляджу на херню і радуюся.

3 чэрвеня

Я б закахаўся, Маша, але няма тут дзевак. Трэба з Менску везці:)

6 чэрвеня

Калінкавічы — гэта вялікая вёска. Пад ліхтаром у цемры сумуюць без працы дзве прастытуткі — сапраўдныя, у парыках і з вялікімі грудзямі. Як у Альмадовара. Калі ўяўляеш трансвестытаў з буйнога еўрапейскага шоу, то вось такія яны бліскучыя.

Побач два міліцыянты шукаюць мінакоў без флікераў. Знайшлі мяне, узрадаваліся. Знайшлі б лепей прастытутак — усім было б добра. Там ужо флікер няма куды чапляць)

8 чэрвеня

Раніцай адно скочыла мне на галаву, гэтае пасялілася на маім капелюшы. Сітаўкі. На чалавечаскам языке — трясогузки.

9 чэрвеня

Мае кватаранты.

13 чэрвеня

Гляджу я на свае кабачкі, града з якімі хіба што ўкраінскай мяжы не дасягае, і запэўніваюся, што я псіх. Сквапны палесскі псіх.

15 чэрвеня

Сёння я правёў дзень са сваей цёткай з Калінкавічаў. Цёця Воля размаўляе па-беларуску, не глядзіць тэлевізар, належыць да ''Сведкаў Іеговы'' і баіцца гадзюк. Тыдзень таму яна няўдала павярнулася на ложку і атрымала пералом ключыцы. З гэтай нагоды я і бавіў сення час на яе градках. Прачнуліся мы ў чатыры раніцы, прайшлі восем кілометраў, пабачылі сем маленькіх чорненькіх гадзюк. Цетка кажа, што, каб забіць гада, яго трэба праткнуць наскрозь галінкай. Калі не праткнуць, іншыя гады выцягнуць яго з іншасвету. Яна ў гэта верыць. Я ў гэта веру.

[Працяг (спадзяёмся) будзе.]

Фэйсбук Андруся Горвата — па спасылцы тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?