Рымска-каталіцкая царква можа перагледзець метад разліку даты святкавання Вялікадня, каб усе хрысціяне адзначалі Уваскрасенне Хрыста ў адзін дзень. Пра гэта заявіў Папа Францішак падчас сустрэчы з удзельнікамі ІІІ Сусветных рэкалекцый (духоўных практык) для святароў 12 чэрвеня, перадае Радыё Ватыкана.

Паводле яго, Рымска-каталіцкая царква гатовая абмяркоўваць адзіную дату Вялікадня, якая б адзначалася «у Рыме, Канстанцінопалі і Маскве». «Сустракаюцца каталік і праваслаўны і пытаюць адзін аднаго: «Твой Хрыстос ужо уваскрос? Мой — за тыдзень», — іранічна заўважыў пантыфік.

Згодна з каталіцкім календаром, дата Вялікадня разлічваецца на падставе першага сонцастаяння пасля поўні ў сакавіку. У праваслаўных разлік больш складаны. Як правіла, розніца дат каталіцкага і праваслаўнага Вялікадня складае тыдзень, але часам можа адрознівацца і на месяц. Нярэдка даты Вялікадня супадаюць.

Папа нагадаў пра тое, што меў добрыя адносіны з прадстаўнікамі Рускай Праваслаўнай Царквы ў Аргентыне, будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. 

Папа Францішак назваў больш чым братэрскімі адносіны з Патрыярхам Канстантынопаля Варфаламеем І і нагадаў пра намаганні Варфаламея I на карысць супольнага святкавання Вялікадня паміж праваслаўнымі. Святы Айцец усклаў вялікія спадзяванні на Усеправаслаўны Сабор, які павінен адбыцца ў 2016 годзе.

Ён паставіў у прыклад Фінляндыю, дзе праваслаўная супольнасць вырашыла святкаваць Пасху ў адзін дзень з лютэранамі, «каб не ствараць скандалу падзелу».

Ідэя аб аб'яднанні дат Вялікадня ужо раней агучвалася Францішкам, а яшчэ раней пра гатоўнасць змяніць каляндар было заяўлена падчас пантыфікату Папы Паўла VI (1963—1978).

Учора Папа падкрэсліў, што неабходна прыйсці да згоды ў гэтым пытанні, а супольным днём святкавання Пасхі можа быць другая нядзеля красавіка. «Каталіцкі Касцёл яшчэ з часоў Паўла VI гатовы ўстанавіць канкрэтную дату і адмовіцца ад першага сонцастаяння пасля поўні ў сакавіку», адзначыў Францішак.

Сёлета каталікі адзначалі Вялікдзень 5 красавіка, праваслаўныя — 12 красавіка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?