Фота Вадзіма Ермакова, адзначанае на iPhone Photography Awards

Фота Вадзіма Ермакова, адзначанае на iPhone Photography Awards

Журы конкурсу iPhone Photography Awards другі раз адзначыла здымак беларуса Вадзіма Ермакова. У 2014 годзе яго здымак быў адзначаны ў катэгорыі «Архітэктура», у 2015-м — у катэгорыі «Захад сонца».

iPhone Photography Awards — першы і самы працяглы конкурс здымкаў, зробленых на смартфоны Apple. З 2007 года журы адбірае найлепшыя здымкі канкурсантаў са 120 краін.

Журы ўважліва сочыць за тым, каб фота на самой справе былі знятыя на смартфон, а не прафесійную камеру, і не былі палепшаныя ў графічных рэдактарах.

На сёлетнім конкурсе «Фатографам года» быў названы паляк Міхал Каралеўскі — перамогу яму прынесла фота старога, які граў традыцыйныя песні на рынкавай плошчы ў Варшаве. Другое месца ў брытанца Дэвіда Крэйка са здымкам птушкі, «застылай на ўзлёце», а трэцяе — у Івоны Лю з Нью-Ёрка з фота шыкоўна апранутай пары, якая спала ў цягніку.

Фота года: Міхал Каралеўскі

Фота года: Міхал Каралеўскі

Другое месца ў намінацыі «Фатограф года»: Дэвід Крэйк

Другое месца ў намінацыі «Фатограф года»: Дэвід Крэйк

Трэцяе месца ў намінацыі «Фатограф года»: Івона Лю

Трэцяе месца ў намінацыі «Фатограф года»: Івона Лю

Пераможца ў намінацыі «Захад сонца»: Роберт Радэсіч з Харватыі

Пераможца ў намінацыі «Захад сонца»: Роберт Радэсіч з Харватыі

Асобныя пераможцы былі названыя ў 18 намінацыях: Абстрактнае фота, кветкі, ежа, навіны… У кожнай намінацыі былі згаданыя і вартыя ўвагі фота, што не атрымалі перамогі — так званыя «honorable mentions». Такім чынам быў адзначаны і здымак Вадзіма Ермакова.

«Фатаграфаванне на iPhone стала для мяне хобі. Гэтая камера заўсёды пад рукой, — распавядае Вадзім. — Напрыклад, маё фота, якое адзначыла журы, я зрабіў падчас паездкі ў Брайтан на поўдні Вялікабрытаніі. Я быў там на навуковай сустрэчы і ўвечары вырашыў прагуляцца ўздоўж мора, вось тады і злавіў гэты захад. Вялікую люстраную камеру ў тую паездку было нязручна цягнуць, а без тэлефона такі кадр проста страціўся бы».

Паглядзець іншыя здымкі Вадзіма можна на Instagram @lasteg.

Вадзім родам з Гомеля, але з’ехаў за мяжу тры гады таму. На сёння ён апошні год давучваецца ў аспірантуры ўніверсітэта Сурэя ў Англіі. «Па заканчэнні я стану інжынерам, а вось у якой галіне, сказаць цяжэй, — тлумачыць ён. — На такім узроўні даследаванняў адбываецца сінергія навук, трэба ведаць усяго патроху: і матэрыялазнаўства, і хімію, і фізіку, як класічную, так і квантавую».

Сам ён не бярэцца назваць найлепшае фота з сёлятнега конкурсу: «Мне падабаецца гартаць ўсе фота, адабраныя журы. Арганізатары заўсёды робяць велізарную працу і адбіраюць па-сапраўднаму добрыя здымкі».

Фота Вадзіма Ермакова, адзначанае ў мінулым годзе ў намінацыі «Архітэктура»

Фота Вадзіма Ермакова, адзначанае ў мінулым годзе ў намінацыі «Архітэктура»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?