Новая «кіеўская палітыка»

У папярэднім тэксце («НН»№34, 2014) мы сачылі за лёсам князёў полацкай дынастыі, сасланых у 1129 г. у Візантыю, а таксама іх нашчадкаў, якія праз дзесяцігоддзе вярнуліся на зямлю продкаў. Тое выгнанне было спробай кіеўскіх князёў з роду Манамахавічаў пазбавіць Полацкую зямлю незалежнай пазіцыі ў дынастычных і гандлёва-гаспадарчых сувязях.

Але пасля захопу Полацка і высылкі князёў кіеўскія ўладары пераходзяць да новай тактыкі. Бо выслаць ганарыстых нашчадкаў Усяслава Чарадзея было магчыма, але як пасля ўтрымаць пад кантролем іх зямлю і дамагчыся лаяльнасці Полацкага веча? А яго роля паволі мацнела: жыхары Полацка праз свой публічны орган самакіравання ўсё часцей на працягу ХІІ ст. выказвалі палітычныя інтарэсы.

Адным з варыянтаў вырашэнняў супярэчнасцяў, уласцівым для Сярэднявечча, быў дынастычны шлюб. У 1143 г. Усевалад Ольгавіч, які займаў кіеўскі стол, ажаніў сына Святаслава з дачкой полацкага князя Васілька Святаславіча Марыяй. А яго палітычны супернік Ізяслаў Мсціславіч, былы стаўленнік на полацкі пасад у 1130—1132 гадах, а цяпер князь пераяслаўскі, выдаў у 1143 г. дачку за друцкага князя, былога візантыйскага высланца Рагвалода Барысавіча. Такім чынам, праз сістэму шлюбаў князі полацкага княскага дома былі прыцягнутыя да варагуючых лагераў паўднёварускіх князёў.

Эпоха супярэчнасцяў

Сама Полацкая зямля перыжывала перыяд падзелаў. Тут фармуюцца асобныя галіны княскага дому — спадчыннікаў вотчын. Полацкая воласць у вузкім сэнсе, як і Руская зямля ў Кіеўскай дзяржаве, была асновай дзяржаўнай тэрыторыі Полацкага княства і ўжо таму не магла стаць спадчыннай вотчынай ніводнага з князёў, якія займалі полацкі стол. Але полацкае княжанне давала дадатковыя прыбыткі, і таму полацкі стол заставаўся прыцягальным для ўдзельных князёў праз усё ХІІ ст. Іншыя ж воласці, з якіх складалася Полацкая зямля, сталі асновай для ўтварэння вотчыных уладанняў — спадчыннай маёмасці феадалаў, якая ўжо з VIII—ІХ ст. была пануючай формай землеўладання ў Заходняй Еўропе, што спрыяла развіццю аграрнага плюралізму і, як вынік, паступоваму вызваленню землеўладальнікаў з-пад княскай ці манархічнай улады.

У Полацкай зямлі, апроч сталічнай, мы можам вылучыць наступныя воласці: Менскую, Віцебскую, Друцкую. Ізяслаўскую (Заслаўскую), Лагойскую, Стрэжаўскую і Гарадоцкую. З сацыяльна-прававым статусам валасцей на працягу ХІІ ст. адбываліся важныя змены. Поруч з удзеламі на родавым праве, якія паводле старой «германскай сістэмы» маглі размяркоўвацца ўнутры аднаго роду паміж братамі, пачынаюць з’яўляцца воласці, заснаваныя на феадальным праве — спадчынныя вотчыны. Адной з першых такіх вотчын ужо ў пачатку ХІІ ст стаў Барысаў. Гэтае трывожнае драбленне было адначасова сведчаннем развіцця, павелічэння матэрыяльнага багацця і ўнутранай каланізацыі краю.

Яшчэ адна важная змена, заўважная ў палітычным і сацыяльным жыцці Полаччыны ХІІ ст., — ад 1140-х у справы дзяржавы пачынае актыўна ўмешвацца веча. Прыблізна да 1146 г. полацкім князем заставаўся Васілька Святаславіч. Як мяркуецца, пасля яго смерці на полацкі пасад узышоў Рагвалод Барысавіч. Недзе гэтым жа часам у Менскай воласці ўсталёўваецца сын легендарнага князя Глеба Менскага Расціслаў, што вярнуўся з Візантыі. Але, паводле летапісаў, у 1151 г. Рагвалод Барысавіч быў захоплены палачанамі і пасаджаны ў турму, а на княжанне быў запрошаны Расціслаў Глебавіч. Апроч таго, да ноўгарад-северскага князя Святаслава Ольгавіча полацкае веча накіравала сваіх паслоў, якія прызналі таго сваім «бацькам і заступнікам», фактычна прымаючы яго сюзерэнітэт над Полацкам. Нагадаем, што Святаслаў быў жанаты з Марыяй — дачкой полацкага князя Васількі Святаславіча. Зрэшты, іншых сведчанняў гэтага сюзерэнітэту мы далей не знаходзім.

Скінутага князя Рагвалода Барысавіча трымалі ў Менску «ў вялікай нужы», а ў самой гэтай воласці князем сеў брат новага полацкага князя Расціслава Валадар. У іншыя воласці Полацкай зямлі князь Расціслаў Глебавіч таксама пасадзіў сваіх крэўных — брата Усевалада ў Заслаўі, а сына Глеба ў Друцку. Фактычна князю Расціславу ўдалося аб’яднаць значную частку Полацкай зямлі пад уладай Глебавічаў. Але толькі на некалькі гадоў.

Вяртанне Рагвалода

Нечакана за Рагвалода Барысавіча заступіўся суздальскі князь Юрый Даўгарукі, паводле ўльтыматыўнага патрабавання якога менскі вязень быў вызвалены. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што праз падзелы Полацкая зямля стала даступнай для ціску з боку іншых рускіх князёў.

Рагвалод Барысавіч знайшоў прытулак у Чарнігаве, у князя Святаслава Ольгавіча, хаўрусніка Юрыя Даўгарукага. Там полацкі выгнанец і атрымаў дапамогу, у тым ліку войска. Летапісы паведамляюць, што Рагвалод Барысавіч рушыў спачатку да Слуцка, а потым (1158 г.) на Друцк — сваю былую вотчыну. Ваенная акцыя была папярэдне падрыхтаваная, бо насустрач Рагвалоду Барысавічу з Друцка і Полацка рушылі ягоныя прыхільнікі. Іх колькасць вагаецца ў розных крыніцах — ад 300 чаўноў у Іпацьеўскім летапісе да 300 ваяроў у Ніканаўскім і Уваскрасенскім. Другая лічба выглядае больш рэалістычнай. У любым выпадку Рагвалод Барысавіч «выгнаў» з Друцка Глеба Расціславіча, разрабаваўшы яго двор, ды вярнуў сабе ўдзел.

У адказ з Полацка «з усёю браціяй» выступіў князь Расціслаў Глебавіч. Летапісы даносяць да нас глухія звесткі пра бітву паміж нашчадкамі Усяслава — «бішася крэпка», але потым «памірышыся». Але механізм інтрыг і хваляванняў быў ужо запушчаны. У Полацку саспела змова, і пасланнікі баярскай вярхушкі веча прыбылі да Рагвалода Барысавіча, запрашаючы яго на княжанне і абяцаючы яму Расціслава «звязанага аддаць».

Расціслаў Глебавіч вымушаны быў пакінуць Полацк і скіраваўся да свайго брата Валадара ў Менск.

Рагвалод Барысавіч не толькі 8 ліпеня 1158 г. зноў заняў полацкі стол, але і зрабіў спробу ўсталяваць кантроль над усёй гістарычнай Полацкай зямлёй. Атрымаўшы дапамогу ад смаленскага князя Расціслава Мсціславіча, новы-стары полацкі князь выправіўся ў Менскую зямлю. Чаму была так патрэбная даўнярускім князям вайсковая дапамога? Ваенныя дзеянні вяліся сіламі некалькі сотняў дружыннікаў. Вельмі рэдка маглі збірацца большыя войскі, і таму такія выпадкі абавязкова траплялі на старонкі летапісаў.

Спачатку ж Рагвалод Барысавіч рушыў на Заслаўе, дзе сядзеў Усевалад Глебавіч. Пасля непрацяглай аблогі Усевалад саступіў Рагвалоду горад, а на замену атрымаў Стрэжаў — вось тут у крыніцах першы раз і з’яўляецца гэты ўдзел, але ягонае месцазнаходжанне застаецца дыскусійным. Паводле адной з найбольш верагодных версій, Стрэжаў знаходзіўся каля ўпадзення ракі Свячанка ў возера Стрэжаў (Стрыжаў), дзе цяпер размяшчаецца сяло Стрыжава Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласці. У Заслаўі ж Рагвалод Барысавіч пасадзіў князя з віцебскай лініі Брачыслава Васількавіча.

Ізноў Літва

У нечым падобны сцэнар паўтарыўся пад Менскам. Рагвалод Барысавіч узяў горад у аблогу. Пасля дзесяцідзённага трывання Расціслаў Глебавіч заключыў мір з Рагвалодам Барысавічам. Трэба адзначыць, што рускія князі пасля хрышчэння Русі рэдка забівалі сваіх праціўнікаў княскага стану. Таксама полацкія Усяславічы захоўвалі жыццё зрынутым кузэнам і, больш за тое, імкнуліся пасля перамогі знаходзіць з імі паразуменне.

Але быў князь, які не мог пагадзіцца з вынікамі супрацьстаяння — Валадар Глебавіч, ужо знаёмы нам раней як бацька дацкай каралевы Сафіі Валадараўны («НН» №20, 2014). Валадар Глебавіч не проста збягае, а скіроўваецца шукаць падтрымку ў суседняй Літве, з якой у Менска ўсталёўваюцца эксклюзіўныя адносіны яшчэ з ХІ ст. У выніку ў 1159 г. Валадар Глебавіч змог замацавацца ў Гарадцы. Мы не ведаем дакладнай лакалізацыі і гэтага княства-воласці, можам меркаваць толькі, што яно знаходзілася на заходніх рубяжах Менскага ці Заслаўскага княстваў, «пад Літвой», магчыма, гэта сённяшняя вёска Гарадок Маладзечанскага раёна.

У атмасферы рэваншу ўжо Расціслаў Глебавіч у 1160 г. вяртае пад свой кантроль Заслаўе, узяўшы ў палон Рагвалодавых стаўленнікаў Брачыслава Васількавіча і яго брата Валодшу. У адказ Рагвалод Барысавіч здзяйсняе новую выправу на Менск. У дапамогу полацкаму князю даўні хаўруснік Расціслаў Мсціславіч, цяпер ужо князь кіеўскі, даў аддзел торкаў (прычарнаморскіх цюркамоўных качэўнікаў) — 600 ваяроў на чале з ваяводам Жыраславам Няжыравічам. Але коні іх падохлі ў лясах, і няясна, наколькі гэты аддзел здолеў дапамагчы Рагвалоду Барысавічу. Сама ж аблога доўжылася шэсць тыдняў. І зноў браты-супернікі знаходзяць паразуменне — заключаецца чарговы мір, з «поруба» вызваляецца Валодша, а з «жалеза» (кайданоў) — Брачыслаў.

Але што рабіць з няўрымслівым Валадаром? У 1162 г. Рагвалод Барысавіч выпраўляецца на Гарадзец. Гэтая вайсковая акцыя стала фатальнай для полацкага князя. Не прыняўшы бою ўдзень, Валадар Глебавіч уначы напаў на стан палачанаў. Праціўнік быў разгромлены. Войска ж Валадара Глебавіча складалася з «літвы». Гэта стала важным знакам — Менск не толькі чэрпаў сілы з Літвы, але і Літва робіцца ўсё больш вырашальнай сілай на абшарах Полацкай зямлі.

Рагвалод Барысавіч бяжыць у Слуцк, а праз тры дні кіруецца ў сваю радавую Друцкую воласць. Полацк жа не гатовы зноў прыняць гэтага князя, бо, як сцвярджае летапіс, «занадта многа загінула палачан». Полацкае веча чарговы раз праяўляе самастойнасць і абірае на княжанне чарговага Усяславіча, гэтым разам з віцебскай лініі — Усяслава Васількавіча. Сам жа Рагвалод Барысавіч, імаверна, да смерці княжыў у Друцку.

Рагвалодаў камень

Нашыя крыніцы па ХІІ ст. вельмі абмежаваныя. Мы можам яшчэ рэканструяваць калейдаскоп княскіх імёнаў, каб адчуць рытм жыцця тагачасных эліт — жыцця, якое рэдка было аседлым і стабільным. Затое вельмі прыблізна мы можам казаць пра цывілізацыю нашага краю тых часоў. Зусім нешматлікія артэфакты выводзяць нас па-за палітычны дыскурс ХІІ ст. Рагвалод Барысавіч, ужо (ці толькі) князь Друцкі, пакінуў нам напамін пра сябе і клопаты сваёй эпохі.

У 1772 г. расійскія чыноўнікі, якія засвойвалі новыя тэрыторыі, адабраныя ад Рэчы Паспалітай, у раёне вёскі Дзятлава Аршанскага павета трапілі на валун з высечаным шасціканцовым крыжом і надпісам: «В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господі помозі рабу своему Васілію в крещеніі іменем Рогволоду сыну Борісову». Старажытнае слова «даспеці» мае сэнсы «падрыхтаваць», «збудаваць», «паспець». Дату ж з старажытнага візантыйскага летазлічэння можна перакласці як 1171 г. Подпіс выразна сведчыць пра імя князя, паводле загаду якога быў зроблены сам надпіс, — гэта і ёсць Рагвалод Барысавіч, у хросце Васіль.

Надпісы на камянях пачаў пакідаць яшчэ бацька Рагвалода Барысавіча Рагвалод (Барыс) Усяславіч. Дзеля чаго — не да канца разгадана. Магчыма, так маркіраваліся межы княскіх уладанняў. У свой час даследчык усходнееўрапейскіх старажытнасцяў Барыс Рыбакоў высунуў арыгінальную версію. Гісторык супаставіў даты на камянях з кліматычна-аграрнай сітуацыяй у рэгіёне і прыйшоў да высновы, што ў часы Рагвалода-Барыса адбылося хрысціянскае асвячэнне культавых паганскіх камянёў у спадзяванні на лепшыя ўраджаі. Рагвалод-Васіль пасля галоднай зімы 1170—1171 гадоў асвячаў паганскія камяні ў спадзяванні на ўраджай.

Іншыя эпохі патрабуюць іншыя ўраджаі нянавісці. У 1930-я Рагвалодаў камень быў узарваны, бо нібыта перашкаджаў будаўніцтву шашы Масква—Мінск. Сёння мы маем толькі паменшаную копію каменя, устляваную ў 1998 г. у Оршы.

Глядзі таксама: Гісторыя Беларусі. Шляхамі Давіла і Маўкольда

Гісторыя Беларусі. Князь Глеб і узвышэнне Мінска 

Жамойць і Літва 

 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?