Сяргей Друшчыц нарадзіўся ў 1941 годзе ў Пружанах у сям’і беларускіх інтэлігентаў. Бацька — дырэктар школы, маці — настаўніца. Адзін дзядзька, Васіль Друшчыц, быў прафэсарам-гісторыкам, старшынём камісіі Інбелкульту па гісторыі гарадоў. Яго рэпрэсавалі і расстралялі ў 1937 годзе. Другі дзядзька, Уладзімер Друшчыц — вядомы прафэсар-палеантоляг. Дзяцінства Сяргея Друшчыца прайшло ў Бярозе Картускай. Пасьля школы ён абраў прафэсію архітэктара.

Сяргей Друшчыц быў адным з заснавальнікаў рэстаўрацыйнай справы ў Беларусі. Фактычна ён стварыў рэстаўрацыйныя арганізацыі, быў галоўным архітэктарам рэстаўрацыйных майстэрняў. На працягу доўгага часу ўзначальваў вытворчае аб’яднаньне «Белрэстаўрацыя» і інстытут «Белспэцпраектрэстаўрацыя», у якім працавалі лепшыя спэцыялісты Беларусі: архітэктары, канструктары, гісторыкі, мастацтвазнаўцы, археолягі. Фактычна пры ім у канцы 1970-х — пачатку 1980-х быў створаны новы кірунак у сфэры аховы спадчыны — архітэктурная археалёгія, якая дазволіла дасканала праводзіць дасьледаваньні помнікаў архітэктуры і прымаць абгрунтаваныя, узважаныя праектныя рашэньні па іх рэстаўрацыі, кансэрвацыі, іншых відах работ.

Распавядае начальнік упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі:

«Ён зьяўляўся навуковым кіраўніком многіх нясьвіскіх аб’ектаў: гэта і ратуша, і Слуцкая брама, гэта і касьцёл Божага Цела, у якім цяпер выконваюцца работы. Ён быў навуковым кіраўніком працаў у палацы Радзівілаў, і непасрэдна пад ягоным кіраўніцтвам быў выкананы ўвесь комплекс па рэстаўрацыі, рэканструкцыі, прыстасаваньні Нясьвіскага замка. Ён шмат працаваў на гэтым аб’екце. Дапазна — і ў восем, і ў дзевяць гадзін вечара яго можна было сустрэць на рыштаваньнях, дзе ён тлумачыў рабочым рэалізацыю тых ці іншых праектных рашэньняў. Чалавек цалкам аддаваўся гэтай справе.

Гэта без перабольшаньня цэлая эпоха ў беларускай рэстаўрацыі. На жаль, такіх людзей, падобных яму па маштабу, на сёньняшні дзень і назваць нельга».

Сяргей Друшчыц працаваў да апошняга дня. У аўторак скончыў працу, увечары яшчэ сустракаўся з калегамі ў будынку «Белрэстаўрацыі», пагаварыў з калегамі. А ўначы прыйшла сумная навіна.

Архітэктар Аляксандар Канаваленка знаёмы зь Сяргеем Друшчыцам зь дзяцінства — у Канаваленкі маці Друшчыца была кляснай кіраўніцай:

«Потым так склалася, што адну прафэсію набылі — і ён, і я — архітэктары. І з 1969 году мы разам зь ім пачалі працаваць у рэстаўрацыі. Гэта быў год, калі закладалася гэтая справа ў Беларусі. Мы былі маладымі, зусім «зялёнымі» архітэктарамі, разам сталелі. Сяргей Аляксандравіч доўгі час быў генэральным дырэктарам «Белрэстаўрацыі». Я перакананы, што ён самы дасьведчаны, самы галоўны чалавек у гэтай справе ў Беларусі. Мы рабілі сумесныя праекты і з ЮНЭСКО, і з нашымі суседзямі. Сяргей Аляксандравіч вельмі шмат зрабіў у рэстаўрацыі многіх беларускіх замкаў. Галоўны ягоны аб’ект — гэта помнікі архітэктуры ў Нясьвіжы. Нягледзячы на тое, што былі ўжо праблемы са здароўем, працягваў працаваць на рэстаўрацыі замка ў Наваградку, дзе павінны былі разгортвацца вялікія працы па адраджэньні гэтага помніка. Не пасьпеў… Для мяне гэта вельмі вялікая страта. Гэта чалавек, які мала думаў пра сябе. Ён заўсёды думаў пра справу і пра іншых людзей».

Архітэктар Вадзім Гліньнік зусім маладым архітэктарам прыйшоў у рэстаўрацыйныя майстэрні, якія ў 1970-я былі, як ён выказаўся, «асяродкам інтэлектуальнай свабоды»:

«У цэлым гэта былі добрыя часы. Ну, па-першае, мы былі маладыя, а па-другое, рэстаўрацыйныя майстэрні Міністэрства культуры ў той час, даволі смурны (канец 1970-х — пачатак 1980-х), былі такім асяродкам інтэлектуальнай свабоды, у тым ліку і дзякуючы асабістай пазыцыі тагачаснага дырэктара Сяргея Аляксандравіча Друшчыца. Гэта вельмі прыстойны чалавек, добры прафэсіянал. Мы пачувалі сябе даволі свабодна, пісалі вершы, займаліся любімай справай — вывучалі гісторыю архітэктуры».

Сяргей Друшчыц не баяўся размаўляць па-беларуску, кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які ў 1976 годзе прыйшоў на працу ў рэстаўрацыйныя майстэрні, якія ачольваў Сяргей Друшчыц:

«Я ўпершыню ўбачыў вялікую групу людзей на чале з Друшчыцам, якія ў працоўны час паміж сабой размаўлялі па-беларуску. Гэта мяне настолькі зьдзівіла, што зь цягам часу я і сам перайшоў на беларускую мову. Туды часта прыходзіў Зянон Пазьняк. У мяне пра Сяргея Друшчыца вельмі сьветлыя ўспаміны як пра беларускага патрыёта. Нават пасьля таго, як быў так званы «машэраўскі разгром беларусаў» у 1973 годзе (я, дарэчы, памятаю гэты разгром, калі яшчэ студэнтам быў), майстэрні заставаліся ў Менску адной зь нешматлікіх выспачак, дзе людзі размаўлялі па-беларуску падчас працы. І рэстаўратарам ён быў вельмі таленавітым, здольным, шмат аб’ектаў зрабіў. Да ягоных рэстаўрацыяў ставяцца па-рознаму, гэта асобная тэма — беларуская рэстаўрацыя. Але Беларусь страціла вельмі цікавага чалавека, патрыёта, які не баяўся праяўляць беларускасьць нават у цяжкія 1970-я гады».

Справу бацькі працягвае сын — архітэктар Міхаіл Друшчыц, які працуе ў «Мінскграда».

Разьвітаньне адбудзецца 17 ліпеня а 12-й гадзіне ў рытуальнай залі 9-га клінічнага шпіталя на вуліцы Сямашкі, 8. Пахаваюць Сяргея Друшчыца на Паўночных могілках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?