З-за навальніцы і моцнага ветру 23 ліпеня на тэрыторыі Беларусі былі абясточаныя 756 населеных пунктаў, паведамляе МНС са спасылкай на ДВА «Белэнерга». 

Па стане на 6.00 24 ліпеня без электразабеспячэння заставаўся 21 населены пункт. 

Ад ветру, парывы якога дасягалі 21 метра за секунду, пацярпелі 42 населеныя пункты ў Гомельскай (Лельчыцкі раён), Гродзенскай (Навагрудскі, Зэльвенскі, Слонімскі, Ваўкавыскі) і Мінскай (Валожынскі, Любанскі, Мінскі і Пухавіцкі) абласцях. Тут пашкоджаныя дахі 49 жылых дамоў і 91 сельскагаспадарчага будынка. 

Паводле звестак Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага заражэння і маніторынгу навакольнага асяроддзя, 23 ліпеня на метэастанцыі «Жыткавічы» з 18.05 да 18.35 выпала 34,5 мм ападкаў (пры сярэднямесячнай норме 85 мм). Падтапленняў тэрыторыі не адбылося, пацярпелых няма. 

23 ліпеня ў 15.37 ад парыву ветру ўпала дрэва на кантактныя правады пуцей перагону Дубравы — Маладзечна каля вёскі Вязынка.

У выніку пашкоджання быў перапынак у руху (да адной гадзіны) двух электрацягнікоў Мінск — Маладзечна і аднаго электрацягніка Маладзечна — Мінск. Ратавальнікі расчысцілі пуці. Пацярпелых няма. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?