На цырымонію ўзнагароджання конкурсу «Трыумф. Героям спорту — 2014» міністр прыходзіў са спявачкай Аляксандрай Гайдук.

Пасля публікацыі ў «Нашай Ніве» гісторыі жыцця міністра аховы здароўя Васіля Жарко («Па слядах Пастаялкі» ў №22 за 10 чэрвеня 2015 года) у Рэдакцыю звярнуўся чытач. «Дзе ж жыве шаноўны спадар міністр? Няўжо яму не падарылі дом у Драздах?» — запытаўся ён.

Жарко насамрэч жыве ў Драздах, але не ў катэджы, а ў апартаментах. На жонку міністра зарэгістраваная вялізная трохпакаёўка, плошчай 123 м2, на вуліцы Піянерскай, самай дарагой у Беларусі.

Кампанія «Трэст Прамбуд» у пачатку 2010-х узвяла тут тры дамкі, па 16 кватэр у кожным. Адкрытага продажу гэтай нерухомасці не было, таму невядома, колькі заплаціла за жыллё сям'я Жарко.

Можна толькі ацаніць — кватэру такой самай плошчы іх суседзі (дарэчы, таксама медыкі) купілі ў іпатэку. Крэдытная дамова была заключаная больш чым на 700 мільёнаў рублёў. На момант афармлення гэта было каля $320 тысяч.

Жыллё ў доме Жарко прадаецца па $4100—4200 за квадратны метр. Такім чынам, рынкавая цана кватэры міністра перавышае паўмільёна даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?