Пасля цяжкай хваробы ад нас сышла беларуская паэтка Ала Канапелька.
Яна нарадзілася 14 лютага 1960 года ў вёсцы Небытаў Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. Была, можна сказаць, зямлячкай Івана Мележа, Барыса Сачанкі, Барыса Пятровіча.
У 1978 г. скончыла Лоеўскую педагагічную навучальню і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1983) працавала метадыстам у Доме літаратара, а з 1990 — загадчык арганізацыйна-прапагандысцкага аддзела Беларускага фонду культуры.
Першыя вершы апублікавала ў 1974 у хойніцкай раёнцы «Ленінскі сцяг», у 1977 яе апублікаваў часопіс «Маладосць». У 1985 г. выйшаў зборнік вершаў «Цвет алешыны».
Ала Канапелька. *** Колер памяці сіні і белы…
Колер памяці сіні і белы…
Так пра Вас лёгка мне ўспамінаць!
Неба яснае зоркамі спела,
Адлівала ў снягах давідна.
На марозе звінелі яліны,
Пакідалі завеі кругі.
I згаралі, як знічкі, хвіліны.
Тая ноч — са святла і тугі.
Колер памяці белы і сіні…





