Фото сайта pridvinje.by

Фото сайта pridvinje.by

У Беларусі скарачаецца колькасць публічных бібліятэк, паведаміў на прэс-канферэнцыі 14 верасня намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік.

«У апошні час адзначаецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці бібліятэк, у асноўным тых, якія размяшчаюцца ў сельскай мясцовасці, — адзначыў Чэрнік. — Праводзіцца аптымізацыя сферы культуры, асабліва інтэнсіўна яна праводзілася ў 2011—2014 гадах.

Так, за 2013—2014 гады сетка публічных бібліятэк у Беларусі была скарочана на 573 адзінкі, 94% з іх — сельскія бібліятэкі».

Пры гэтым намеснік міністра падкрэсліў, што бібліятэкі ліквідаваліся перш за ўсё ў маланаселеных пунктах і прадпрымаліся «усе меры для захавання інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва». «Там, дзе гэта было магчыма, аб'ядноўваліся сельскія публічныя бібліятэкі і школьныя бібліятэкі, максімальна выкарыстоўваюцца нефармальныя формы абслугоўвання», — растлумачыў ён.

Усяго ў краіне працуе 7,7 тыс. бібліятэк, сукупны фонд якіх складае больш за 180 млн адзінак захоўвання. У падпарадкаванні Міністэрства культуры знаходзяцца 2.916 бібліятэк, з іх 2.306 — сельскія.

Прадстаўнік Мінкультуры адзначыў, што па колькасці бібліятэк на колькасць насельніцтва Беларусь апярэджвае, напрыклад, Польшчу і Германію.

Так, у Беларусі адна публічная бібліятэка Мінкультуры ў сярэднім прыпадае на 3,2 тысячы чалавек, у Польшчы адна бібліятэка разлічана на 4,1 тысячы жыхароў, у Нямеччыне — на 4,7 тысячы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?