Я сёмы год жыву не з бацькамі, з іх адзін правёў у войску і пяць у Польшчы. З дарослым жыццём знаёміўся менавіта там, таму апошнія два месяцы ў Мінску для мяне ў многім — новы свет.
Паспрабую гэта ўсё апісаць. Ніякай статыстыкі, толькі мае ўражанні.
1. Дарагія машыны
Я вучыўся ў двух універсітэтах у Польшчы, і многія аднакурснікі прыязджалі на вучобу на машынах. Незаўважна. Уласны аўтамабіль у студэнта — даволі звыклая справа, пра гэта не размаўляюць, і я не ведаў, які ў каго аб’ём рухавіка і колькі жарэ бензіну. Больш за тое, многія палякі не ездзілі на вучобу на машыне, бо ў цэнтры было цяжка з паркоўкай.
У беларусаў аўтамабіль займае важнае месца сярод тэм, якія трэба абмяркоўваць. Машына ў Беларусі мае важнае значэнне для прэстыжу, і я ведаю многа сітуацый, калі людзі набываюць вельмі дарагі аўтамабіль, пазычаючы грошы, і пасля фактычна на ім не ездзяць, ашчаджаючы на паліве.
Машына — гэта тое, што людзі бачаць, і беларуская сціпласць тут не працуе. Таму,
па маіх уражаннях, доля дарагіх машын у Мінску большая, чым у Варшаве. Затое, у польскай сталіцы яны навейшыя, перавага аддаецца практычнасці, а не выгляду.
Іван Шыла з аднагрупнікамі ў Гданьску, фота з фэйсбука.
2. Тэма вандровак
Пра што тады размаўляць маладым? Апроч клубаў, алкаголю, стасункаў і перспектыў працаўладкавання, у Польшчы часцей, чым у нас, гавораць пра паездкі за мяжу.
Абсалютна нармальна два разы на год куды-небудзь лятаць. Як для студэнтаў, так і для іх бацькоў. Планаванне падарожжаў і уражанні — звыклая тэма на перакуры.
Кураць у Польшчы менш, дарэчы.
Ездзіць на Новы год у Францыю ці летам школьным аўтобусам у Італію для польскага школьніка з’яўляецца нечым падобным на паездку беларускага ў мінскі «Макдональдс». Адбываецца там тое самое, што ў нашых паездках і дзіцячых лагерах — алкаголь, наступствы алкаголю, настаўнікі, які заўважаюць наступствы алкаголю, сэкс. Але гэта можа быць у славацкіх гарах альбо ў просценькім гатэлі ля Парыжа.
3. Квадратныя метры
Затое ў Польшчы няма такой колькасці размоў пра кватэры.
Польскія маладыя людзі незадаволеныя ўрадам, не ходзяць на выбары альбо незадаволеныя, што іншыя маладыя людзі не ходзяць на выбары. Польскія юнакі перажываюць пра будучы заробак і наракаюць на рынак працы, але пра тое, дзе жыць, размаўляюць менш. Нармальна здымаць кватэру, і гэта невялікая жыццёвая параза ў 30, але ў гэтым узросце магістр кіравання можа мець хоць і не профільную працу, але працу з дамовай, што вырашае гэтую сацыяльную і жыццёвую патрэбу — мець уласнае жыллё.
Адносіна цаны квадратнага метра да сярэдняга заробку ў Польшчы меншая, чым у Беларусі, а стаўкі па крэдытах там не перавышаюць 2% у год, таму ніхто асабліва не перажывае. Я ніводнага разу не чуў размоў «Марэку бацькі набылі кватэру, во пашанцавала». Можа і набылі, але гэта не робіць яго галоўнай зоркай патоку.
Ювеналія, тыдзень студэнта. У горадзе праходзіць парад, ніхто не ходзіць на заняткі, і цэлы тыдзень адбываюцца канцэрты і моладзевыя імпрэзы. Мэр Катавіцаў, напрыклад, перадае сімвалічныя ключы ад гораду студэнтам. Фота insilesia.pl.
4. Небяспечныя польскія гопнікі
Я яшчэ ў 15 гадоў заўважыў, як модна апранутыя хлопцы ў салігорскім клубе скакалі на галаве іншага модна апранутага хлопца. Тады я зразумеў, што вопратка ў нас ніяк не ўплывае на тое, які перад табой чалавек.
Ясна, што ў Польшчы ты таксама не можаш вызначыць, хто перад табой па тым, як ён апрануты. Але вылічыць імавернасць таго, што пасля просьбы аб цыгарэце ты атрымаеш у твар, там можна дакладней.
Польскія гопнікі апранаюцца па-іншаму, яны асобны сацыяльны клас, які паводле вопраткі, дарэчы і называецца — «дрэсы», што ў перакладзе азначае «спартовыя касцюмы».
І самае важнае — гэта ведаюць і самі «дрэсы» і людзі, якія на іх глядзяць.
Гэта не значыць, што ў Польшчы я пазбягаў боек. Зусім не. Білі мяне пару разоў, але толькі «дрэсы».
Гэтыя «пару разоў» — фактычна адзіныя бойкі, якія мне даводзілася назіраць за пяць гадоў.
У начных клубах Польшчы бачыў бойку толькі аднойчы, але прызнаюся, што сам яе пачаў. Акурат пасля размоў пра тое, што ніколі іх не бачыў у клубах.
Але там былі польскія фанаты, якія мяне, мірнага беларуса, сапраўды дасталі.
Польскія «дрэсы» рэальна так апранаюцца, і такіх людзей трэба асцерагацца. Фота blogspot.com.
5. Небяспечныя польскія фанаты
Дарэчы, пра польскіх фанатаў. Гэта рэальна тая катэгорыя, якой я баяўся.
Бывала, горад перакрывалі, у ім дзяжурыла паліцыя са зброяй і ў поўнай амуніцыі, самі «кіболы» (так гэта па-польску) спынялі цягнікі са сваімі апанентамі і ўчынялі бойкі проста ў полі альбо як мінімум разгойдвалі гэтыя цягнікі на станцыях і шпурляліся бутэлькамі.
6. Больш англійскай мовы і замежнікаў
І зноў вяртаючыся да той бойкі з фанатамі. Яна стала даволі масавай, і супраць польскіх фанатаў былі мы, беларусы, а таксама іранцы, француз і шведы. Не толькі мяне дасталі «аматары футбола», перад студэнтамі з Ірана яны ўздымалі правую руку ў нацысцкім вітанні. Але размаўлялі і правакавалі па-англійску.
Таму тут два важныя і даволі простыя моманты — у Польшчы больш замежнікаў на вуліцы, і палякі нашмат больш масава і лепш валодаюць замежнымі мовамі.
Lip Dub'ы да Беларусі так і не дабраліся.
7. Чыстыя вуліцы і больш міліцыі
Банальны факт, які я толькі пацверджу, — вуліцы ў нас чысцейшыя і колькасць міліцыі адразу кідаецца ў вочы.
Гэта пры тым, што ў Польшчы яе таксама шмат, але стаўленне да праваахоўнікаў іншае. З імі спрачаюцца альбо не падымаюцца, калі яны падыходзяць. Польскі студэнт не будзе выключаны пасля затрымання і пратакола, таму беларускі больш асцярожны.
Польская паліцыя ў большасці сітуацый больш ветлівая, і многія звыклыя для Беларусі грубасці з боку міліцыі там невядомыя. Хоць мне аднойчы ад польскай паліцыі дасталася ў лепшых нашых традыцыях — прычым, праваахоўнікі прыгаворвалі «Валі нах** у сваю Беларусь».
Я быў студэнтам-піякам, але, відаць, многіх такіх сітуацый удавалася пазбегнуць — у гэтым сэнсе ў Польшчы зроблена правільна:
у Польшчы ў студэнцкія інтэрнаты паліцыя не можа зайсці без дазволу рэктара. Заходзіць мясцовая ахова, якая не можа складаць пратаколы, але можа вырашаць канфлікты. І больш лагодна.
8. Інваліды, пераломы і бамжы
Я не думаю, што ў Беларусі менш інвалідаў на вазках, але іх менш на вуліцах. Таксама не думаю, што колькасць бяздомных у нас меншая за Польшчу, але ў Беларусі за з’яўленне на вакзале могуць затрымаць і адправіць на «суткі», а ў Польшчы толькі выправадзіць.
Тое самое з пераломамі.
Людзей з загіпсаванымі нагамі нашмат часцей пабачыш у Польшчы, чым у нас. Альбо гіпс там накладаюць не ў самых складаных выпадках, альбо там прынята хадзіць на работу нават з пераломамі. Што лагічна — у Польшчы больш людзей працуе «на сябе», а ў Беларусі — на дзяржаўных прадпрыемствах.
9. Вышыня вышэйшай адукацыі
У Беларусі ў мяне лічаныя знаёмыя не атрымалі вышэйшай адукацыі альбо не спрабавалі яе атрымаць. У Польшчы такіх можа быць траціна. Ніхто не заганяецца.
Патрабаванні да вышэйшай адукацыі ў Польшчы вышэйшыя, скончыць ВНУ цяжэй. У Беларусі камерцыйныя ВНУ і платныя патокі дзяржаўных універаў выдаюць дыпломы проста за сам факт наведвання цягам чатырох гадоў. У Польшчы такога няма.
10. Айфоны і макарона
Сціпламу беларусу вельмі важна, як ён выглядае. Пры ўтрая ніжэйшых, чым у Польшчы, заробках у нас скрозь дошкі гонару.
У Беларусі айфоны маюць тыя, хто есць адну макарону. І гэтыя ж людзі на выходных трацяць у клубах 100 даляраў. Я таксама так раблю.
Знаёмы многім беларусам Варшавы інтэрнат. Фота з фэйсбука.
11. Хто больш п'е
Алкаголь у Польшчы можна набыць паўсюль і калі хочаш. Ніхто не кажа пра бязбожны ўрад, які спайвае нацыю.
У Польшчы больш бараў і кавярняў, як зрэшты, і цэркваў і кнігарняў.
Прынята есці на вуліцы, прынята часцей выходзіць у горад.
Больш масавых імпрэз на вуліцах, пікнікоў для гараджан на вуліцах, канцэртаў, клубаў і пешаходных зон. І пры ўсім гэтым, менш чырвоных твараў у людзей.
Беларусы выглядаюць спітай нацыяй, і я прамаўчу пра сябе. Фільтры ў інстаграме ратуюць свет.
Пра піць: калі больш начных клубаў — гэта таму, што туды ходзяць. Палякі выпіваюць у клубах і многа выпіваюць дома. Але перад тым, як пайсці на імпрэзу. У нас імпрэза дома, да канца і з музыкай на кухні.
Візуальна ў Польшчы менш тоўстых людзей і больш людзей займаецца спортам. Кажуць, растучая колькасць фітнэс-цэнтраў непазбежная для развітых краін. У Беларусі спорт яшчэ і даражэйшы.
Піва ў студэнцкіх барах у Катавіцах у цэнтры горада па 1 еўра. Фота з фэйсбука.
12. Дзверы і ліфты
У мінскім метро прытрымліваюць дзверы, і гэта вельмі міла. Але ў нас могуць дзіўна глядзець, калі ты вітаешся са спадарожнікамі ў плацкартах (у купэ, вядома, усе сябры і дзеляцца ежай), размаўляеш з незнаёмымі суседзямі ў ліфце альбо ўсміхаешся незнаёмым на вуліцах.
А ў Польшчы пры выхадзе з ліфта людзі — знаёмыя і незнаёмыя — кажуць адзін другому «дзенькуе». «Дзякуй за кампанію», значыць.
Дарэчы, на Польшчу як на няветлівую краіну глядзець усе замежнікі. Не былі ў Беларусі.
13. Прамоцыі і выбар
Тут нічога новага, мы проста адстаём на 10 год.
У Польшчы каля 200 рэстаранаў «Макдональдс», у Беларусі будзе 50. Іх адкрыццё перастане быць падзеяй, а школьнікаў перастануць туды вазіць. Так і з вопраткай, многімі сэрвісамі (Uber ужо тут) і колькасцю соўсаў у Маку, выбарам колы ці сокаў у крамах.
Спадзяюся, што ў нас будуць прамоцыі і не толькі самалётныя лаўкосты, а, напрыклад, аўтобусныя.
Спадзяюся і на тое, што, нягледзячы на патрэбу ўзгадняць з Мінабароны, па колькасці пунктаў вайфай Беларусь таксама некалі зраўнаецца з Польшчай.
Там я год не карыстаўся сім-картай, бо паўсюль, дзе я хадзіў, быў вайфай, а пішу я лепш, чым размаўляю. У Кіеве было тое самое, а ў Беларусі я змагаюся, але хутка здамся.