Завяршыўся ўнікальны арт-праект «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам», прысвечаны творчасці маладых беларускіх мастакоў. Выставу ў мінскім Палацы мастацтва наведала каля 10 000 чалавек, больш за 60 твораў (30% ад агульнай колькасці) было прададзена за месяц правядзення экспазіцыі. Вызначаныя лаўрэаты прэміі «Арт-Беларусь», якая прысуджаецца найбольш перспектыўным удзельнікам.
Уладальнікам «Вялікага прыза» (эквівалент 15 000 еўра) стаў фотамастак Андрэй Лянкевіч «За гістарычна адказны падыход да стварэння твораў сучаснага мастацтва і за ўклад у фарміраванне мастацкага асяроддзя». «Малы прыз» (7000 еўра) прысуджаны Аляксандру Балдакову «За арыгінальную працу з колерам у вобразнай прасторы сну».
Андрэй Лянкевіч «Без назвы» (2012)
Аляксандр Балдакоў «Мроі» (2014)
Па рашэнні міжнароднага журы экспертаў спецыяльнымі дыпломамі адзначаны Анастасія Хобатава («За сустрэчу абстрактных формаў з светам графічнай сімволікі»), Уладзімір Грамовіч («За інавацыйнае выкарыстанне ўзнаўляльных патэрнаў у канфігурацыях гарадской прасторы»), Паліна Амельяновіч («За яркую тэхніку, якая раскрывае дыскурс прасторы і міфа»).
Анастасія Хобатава «Знакі» (2012)
Уладзімір Грамовіч «Без назвы (Кожны па-свойму бачыў будучыню)» (2014)
Паліна Амельяновіч «Адам і Ева» (2015)
Каля 6000 наведвальнікаў выставы прынялі ўдзел у галасаванні на вызначэнне лаўрэата «Прыза глядацкіх сімпатый» (у памеры 3000 еўра). З вялікім адрывам у галасаванні (больш за 20% галасоў) перамагла Алеся Скорабагатая, аўтар жывапісных кампазіцый з майстэрскай рэалістычнай тэхнікай.
Алеся Скарабагатая «Пчаліны пацалунак» (2015)
Пераможцам анлайн-галасавання на сайце artbelarus.by стаў Сяргей Ашуха.
Сяргей Ашуха «Аўтарская лялька «Сон месяца»» (2013)
Па словах арганізатараў, дзякуючы першаму поспеху выставы і прысуджанай у яго рамках прэміі праект будзе праводзіцца ў Беларусі на рэгулярнай аснове.
***
Арт-праект «Восеньскі салон», арганізаваны ў межах святкавання 25-годдзя Белгазпрамбанка, прайшоў з 8 кастрычніка па 8 лістапада 2015 года ў Мінску ў Палацы мастацтва. Арганізаваны ў фармаце выставы-продажу, ён упершыню прадставіў маштабную панараму творчасці маладых мастакоў Беларусі.
У праекце прынялі ўдзел 90 найлепшых айчынных аўтараў ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў, адабраных экспертамі з шырокага пула прэтэндэнтаў.





