Сьв. пам. Мікалай Касцюк
(Жыровічы, 18.02.1928 — Саўт-Рывэр, 30.09.2015)

Колю пахавалі ў цёплы восеньскі дзень — у згодзе зь ягонай лагоднай натурай. Сонечнае сьвятло моўчкі дакраналася да вянкоў з жывых кветак, што абнялі магілу; да маўклівых постацяў сям’і й сяброў; да навакольных крыжоў і зялёнай яшчэ травы. На кароткі момант суняліся ўсплёскі «жыцейскага мора» для разьвітальнікаў, і назаўсёды — для нябожчыка. У яго адбылася вехавая перамена цялеснага ў духовае, а тымчасовага ў вечнае. Вечна памяць Мікалаю Касьцюку.

На гэтым могільніку Коля бываў мноства разоў за сваё жыцьцё — найбольш з нагоды провадаў на той сьвет сяброў і знаёмых, зь якімі будаваў у 70-х гадах недалёкую ад гэтага месца царкву сьв. Еўфрасіньні Полацкай. Прыходзіў ён сюды таксама наведаць магілку маці, або проста так — каб даць адпачынак думкам. Бо нішто так не супакойвае калатнечу іх, як сузіраньне могільніка.

А на гэтым пясчаным сьвятаеўфрасіньнеўскім узгорку заўсёды ціха. З двух бакоў яго ўзвысіліся ў сіняе неба вялікія дрэвы; з аднаго боку аднасямейны дом, а праз вуліцу шырокай паласой спускаюцца ўніз гарадзкія могілкі, за якімі распасцерлася глыбокая панараму далёкіх селішчаў. Тут зрок сягае далёка, а думка засярэджваецца на памяці пра тых, хто быў перад табою й адыйшоў у вечнасьць.

Апошнімі гадамі Колі цяжка давалася бываць тут, бо злачынны інсульт прыпыніў ягоную хаду, а пасьля прыкаваў да ложка.

Але духам ён ня паў, безь ніякіх нараканьняў змагаўся зь нямогласьцю, трываў і не паддаваўся хваробе. Яму спрыялі ўва ўсім гэтым ягоная лагода характару ды клапатліва цярплівая жонка Рэня.

Ён чытаў перадаваныя яму газэты «Наша Ніва» й «Наша Слова», цікавіўся падзеямі ў Беларусі ды ў мясцовым царкоўным і грамадзкім жыцьці. Коля азнаямляў дзьвюх мэдсясьцёр-амэрыканак, якія даглядалі яго ўдома, зь Беларусьсю. Адна зь іх, калі прыяжджала раніцай і адчыняла дзьверы ягонага пакою, на ўвесь свой бадзёры голас віталася зь ім: Good morning, Mister Kostsiuk from BELARUS!

Коля любіў слухаць песьні, любіў сьпяваць. У дачыненьні да яго прыгадваюцца словы з цудоўнага нарысу Максіма Багдановіча «Апокрыф», у якім Хрыстос, ходзячы па Беларусі, пытаецца ў мастака: «Калі пяюць песьні ў вас?» А той адказвае: «Пяюць на радзінах і хрэсьбінах, пяюць дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць гуляючы; пяюць на йгрышчах і на вясельлях, і на хаўтурах, і ў бяседзе, і пры працы, і на ­­вайну йдучы, і ва ўсякай іншай прыгодзе».

Абставіны склаліся так, што родная песьня прагучэла й пры Колевым адыходзе з гэтага сьвету. Песьняй «Люблю наш край» рашылі падтрымаць бацькаў кволы стан дочкі Ірэна й Ліля, стоячы пры ягоным ложку.

Ціха загучэлі словы: «Люблю наш край, старонку гэту, дзе я радзілася, расла, дзе першы раз пазнала шчасьце, сьлязу нядолі праліла…» Бацька, заплюшчыўшы вочы, з усьмешкай слухаў гукі песьні, якую сам ці раз сьпяваў. А калі сьпеў дабег да канца, ён ужо ня дыхаў.

Паховіны Мікалая Касьцюка, беларуса-патрыёта, які пакінуў сьлед па сабе ў нашчадках ды ў выніках працы на рэлігійна-грамадзкай ніве, былі людныя, урачыстыя й памятныя, са шчырымі спачуваньнямі жонцы Рэні, дочкам Ірэне й Лілі ды ўсім іхным родным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?