Беларускае радыё 15 лістапада адзначыць 90-гадовы юбілей, паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

«Цяпер ужо такія прывычныя словы «Гаворыць Мінск» упершыню прагучалі ў 1925 годзе. Сёння ж Беларускае радыё — буйны і важны медыярэсурс краіны, што ўключае каналы, аснашчаныя па апошнім слове тэхнікі, якія слухаюць ва ўсім свеце. Быць заўсёды цікавым для сваіх слухачоў, разам абмяркоўваць актуальныя і злабадзённыя пытанні — усё гэта адлюстравана ў дэвізе Беларускага радыё «Будзем разам!», першая перадача якога выйшла ў эфір на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркама БССР. Цяпер радыё - гэта пяць дзяржаўных каналаў: Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, радыё «Беларусь», канал «Культура», радыё «Сталіца» і радыёстанцыя «Радыус FM», — расказалі ў прэс-службе.

Візітная картка Беларускага радыё — Першы нацыянальны канал — буйнейшы радыёканал Беларусі. На канале выходзіць больш як 60 праграм рознай жанравай і тэматычнай накіраванасці, пастаянна праводзяцца прамыя радыётрансляцыі важных падзей у жыцці краіны.

З 2005 года ўсе каналы і радыёстанцыі Беларускага радыё трансліруюцца ў рэжыме рэальнага часу ў інтэрнэце.

«Беларускае радыё прайшло вялікі шлях, асвятляючы ўсе важныя вехі гісторыі нашай краіны. За дзевяць дзесяцігоддзяў высокапрафесійным калектывам праведзена вялікая работа, набыты бясцэнны творчы досвед. Сёння прыемна адзначыць, што Беларускае радыё з'яўляецца прыкладам прафесійнай радыёжурналістыкі і верным сябрам для многіх пакаленняў удзячных слухачоў у нашай краіне і за мяжой», — падкрэслілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?