Як паведамілі «Нашай Ніве» ва ўпраўленні па справах культуры Белдзяржуніверсітэта, паказы спектакля «Браніслаў. Сцэны з жыцця і сноў» яны не адмянялі.
«Былі ўзгодненыя даты паказаў 14 і 16 лістапада. Пра далейшыя паказы гаворка не ішла», — паведаміў супрацоўнік упраўлення.
Аўтары спектакля сцвярджаюць адваротнае. Паводле іх словаў, спектаклі, запланаваныя на 18, 20 і 23 лістапада, былі адмененыя. Супрацоўнікі ўпраўлення па справах культуры БДУ вывесілі адпаведную аб'яву на дзвярах памяшкання, адведзенага для тэатра «На балконе».
П'еса пра Браніслава Тарашкевіча была напісаная Эльдарам Бякіравым яшчэ ў 2012 годзе. Сёлета рэжысёр пры падтрымцы культурнага агенцтва «Арт Сядзіба» і Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый сабраў групу акцёраў-аматараў, якія ўзяліся ўвасобіць у жыццё яго твор.
Прэм'ера адбылася 14 лістапада на сцэне студэнцкага тэатра БДУ «На балконе», паказ паўтарыўся 16 лістапада.
Зараз творчы калектыў знаходзіцца ў пошуках новай сцэны для паказу гэтага спектакля.





