Трагічнае здарэнне адбылося яшчэ на пазамінулым тыдні – 28 лістапада. 32-гадовы Мазурэнка пераходзіў дарогу на пешаходным пераходзе на Сафійскай наберажнай, калі ў яго на вялікай хуткасці ўрэзаўся ўседарожнік «Рэйндж Ровер». Мяркуючы з камер відэаназірання, кіроўца не змяншаў хуткасць перад пешаходам. Ад удара беларуса адкінула на адлегласць каля 100 метраў.

Разам з ім быў сябра, але той своечасова пабачыў ліхача і паспеў адскочыць.

Мазурэнка памёр у бальніцы праз некалькі гадзін, не прыходзячы ў прытомнасць. Як потым высветлілася, за рулём аўтамабіля быў 25-гадовы масквіч Павел Ж., супраць яго заведзеная крымінальная справа.

У Маскву Мазурэнка пераехаў з Мінска ў 2006 годзе. Ён называў Мінск «сонным гарадком, які спыніўся дзесьці ў 80-х». Мазурэнка быў заснавальнікам платформы для візуальнага кантэкста Stampsy. «Прыгожы інструмент для стварэння фотагісторый і візуальных эсэ», як казаў сам заснавальнік.

У 2012 Stampsy атрымаў грант ад праграмы Start Fellows, заснаванай Паўлам Дуравым і Юрыем Мільнерам. У 2015 годзе ён абвесціў пра пераезд кампаніі ў ЗША. Жыў у Нью-Ёрку, але прыязджаў у Маскву да родных і сяброў.

«Я шчыра лічу, што самым страшным праклёнам для чалавека, які цябе моцна пакрыўдзіў, будзе пажадаць яму стаць паспяховым у Маскве. Таму што нічога горшага за гэта быць не можа: поспех азначае, што ты застанешся тут назаўсёды.

Гэты горад, можа быць, падорыць табе машыну і кватэру ў Срэбным Бары - але ты да канца жыцця будзеш стаяць у вечным заторы па шляху з працы дадому. Толькі калі ты больш за ўсё на свеце шануеш свабоду, Масква для цябе будзе проста трамплінам, а не ліпучкай», - пісаў Мазурэнка ў адным з артыкулаў.

7 снежня яму б споўнілася 33 гады.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?