Учора, 13 снежня, памёр 91-гадовы вясковы святар Георгій Сапун, паведамляе Intex-press.

Апошнія паўстагоддзі пратаіерэй Георгій служыў у вёсцы Пачапава Баранавіцкага раёна, дзе меў хату, у якой і памёр. 

На часы маладосці святара прыпала шмат выпрабаванняў — ён нарадзіўся ў 1924 г. у Дорах на Валожыншчыне і спачатку зведаў жахі вайны, а потым аказаўся ў высылцы за тое, што сам быў сынам святара. 

«Некалі было ва мне трохі духу — шчырасці нашай беларускай, — казаў святар журналістам «Нашай Нівы» ў маі, — але трачуся ўжо, жыццё праходзіць. І цяпер гляджу я на вас, юных, ды па-добраму зайздрошчу, бо вы самае галоўнае маеце — маладосць і магчымасці.

Калі я маладым быў, то бачыў толькі пакуты і смерць: вайну, катаргу, галодныя пасляваенныя гады, бязбожнікаў-камуністаў».

Тады Георгій змог уцячы з катаргі, вярнуўся ў родныя мясціны і заняўся аднаўленнем храмаў у Сваротве, Ятве і Пачапаве, якія ў вайну зруйнавалі партызаны.

У тым ліку айцец Георгій з усяго свету збіраў грошы на аднаўленне ўнікальнай трохкутнай Свята-Траецкай царквы ў Сваротве. 

Айцец быў шчырым, добрым чалавекам, што пражыў доўгае ды цяжкае жыццё. Па параду да а. Георгія Сапуна звярталіся жыхары Пачапава і ўсіх навакольных вёсак. 

Але апошнім часам ён жаліўся, што ўсё менш у свеце застаецца дабрыні ды любові. 

«Неяк так выходзіць, што людзі хочуць жыць у міры і згодзе, а ўсё ваююць адзін з адным. Маральнасць — яна сёння хворая. Людзі няшчырыя ў сваіх дзеяннях, веры. Скалечылі мову, Богам пачалі прыкрывацца для ажыццяўлення сваіх задумаў… Гэтая няшчырасць і вядзе нас да згубы. Дарэчы, ужо шмат часу я назіраю, як штогод нараджаецца менш, чым памірае. Такія часы надышлі — толькі адпяваю, амаль не хрышчу», — казаў айцец Георгій. 

«Каб жыццё годна пражыць, трэба мець выхаванне, цярпенне і мужнасць. І Бога мець у сэрцы. А Бог — гэта любоў. А то многія з гэтым пачуццём разабрацца не могуць, нікога не любяць, а наракаюць на лёс. Важна, каб любоў нас не пакідала і была шчырай. Тады і чалавек шчаслівым будзе», — зазначаў ён.

Фота ў хаце святара, дзе ён разам са сваёй жонкай Ганначкай, з якой пражыў у шлюбе больш за 60 гадоў.

Фота ў хаце святара, дзе ён разам са сваёй жонкай Ганначкай, з якой пражыў у шлюбе больш за 60 гадоў.

Чытайце таксама: 91-гадовы вясковы святар: «Такія часы надышлі — толькі адпяваю, амаль не хрышчу»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?